default_mobilelogo


















ВЫСТУПЛЕННЕ ДЛЯ МАРЫ

13 – 14 КАСТРЫЧНІКА Ў МАСКВЕ АДБЫЎСЯ VII МІЖНАРОДНЫ ДАБРАЧЫННЫ ФЕСТЫВАЛЬ “БЕЛАЯ ТРОСТЬ” З УДЗЕЛАМ ВЯДОМЫХ РАСІЙСКІХ І ЗАМЕЖНЫХ АРТЫСТАЎ, А ТАКСАМА ЮНЫХ ТВОРЦАЎ З ПАГОРШАННЯМІ ЗРОКУ. НАТХНЯЛЬНІЦА ФЕСТЫВАЛЮ “БЕЛАЯ ТРОСТЬ” ЗАСЛУЖАНАЯ АРТЫСТКА РАСІІ ДЗІЯНА ГУРЦКАЯ ЎЖО ТРЭЦІ РАЗ ЗАПРАСІЛА Ў МАСКВУ ЮНУЮ ПАЭТЭСУ ВІКТОРЫЮ СМОЛКУ З БЕЛАРУСКАГА ГОРАДА ГРОДНА.

За сто часін да цягніка  
Са мной была на свеце Мара.   
Яе чуллівая рука      
Зямной апекай абдымала.     
Пачутых словаў аксаміт
Па цёплых думках разліваўся.
           
Мы з ёй сустрэліся на міг,         
А светлы міг навек застаўся…
Вікторыя Смолка


 
Вікторыя Смолка – студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы філалагічнага факультэта, са школьных гадоў удзельніца шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў творчых дзяцей і моладзі. З маленства піша вершы на беларускай і рускай мовах, захапляецца музыкай і літаратурай. Яе паэтычныя творы пра “Дзяўчынку і Мару”, пра “Вясніцу” і “Вяснянку”, пра “Сінякрылы цягнік” добра вядомыя чытачам “Літаратуры і мастацтва”, “Маладосці”, “Белай вежы”, “Новаму замку”, “Паэзіі Мегаполіса”, “Перспектыве” і г.д. У мінулым 2015 г. ў свет прыляцела першая вершаваная ластаўка Вікторыі Смолкі, што мае назву “Зоркаму сэрцу”. Дэбютная кніжка вершаў паўстае як прысвячэнне людзям, якім Богам дадзена бачыць і разумець гэты свет сэрцам і праз сэрца.

  Вікторыя Смолка: “Я шчаслівая, бо са мной заўсёды мая Мара, мая духоўная мама, творчая апякунка, мая сяброўка, якая верыць ў мае вершаняткі і вершы. Чарговым запрашальным білетам на асенні фестываль дорыць білет у светлае заўтра, у Будучыню, дзе замест белага кія ў маёй замерзлай руцэ цёплая далонь Мары…”.

 

Жыву не так, жыву іначай –

Жыву, як неба раіць мне,

Але я бачу, зорка бачу

Усмешкі мілыя – у сне.

 

Адна пайду, і сэрца зоймуць

Кляновы баль, асенні вальс.

Няхай мне бачыцца па-свойму

Усё звычайнае для вас.

 

Няхай мне сніцца летуценна

І адчуваецца наскрозь

Усё, заплюшчанае цемрай,

Усё прыгожае, што ёсць...

 

Вікторыя Смолка