default_mobilelogo


















СА СЛОВАМ У РАГАЧОВЕ
 Сёлета 4 верасня Рагачоў – сталіца Дня беларускага пісьменства- 2016 – прымаў гасцей з розных куткоў Беларусі і краін СНД. Надзвычай знакава тое, што Гродзеншчына другі год запар атрымлівае на такой урачыстасці Нацыянальную літаратурную прэмію, уладальнікам якой у намінацыі “Паэзія” стаў наш паэт Мар’ян Дукса. Сваю праграму (“Слова пісьменніка” на фестывалі кнігі і прэсы, паэтычныя прывітанні на Галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, сустрэчы з чытачамі і калегамі па пяры, прэзентацыя новых кніг) на свяце годна прадставіла  Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі (Л.А. Кебіч – старшыня абласнога ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Д.М. Радзівончык, У.В. Руль, У.В. Саласюк, Г.І. Скаржынская, П.Я. Сямінскі). Склад дэлегацыі абласнога СПБ са сваімі творчымі выступленнямі папоўнілі і нашы ўніверсітэцкія філолагі: загадчык кафедры беларускай літаратуры А.Э. Сабуць і старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры С.М. Тарасава.  
Як вядома, старажытны рагачоўскі край надзвычай шчодры на таленты  (Ядвігін Ш. і Андрэй Макаёнак, Юльян Пшыркоў і Фёдар Куляшоў, Мікола Сурначоў і Мікола Купрэеў, Мікола Гроднеў і Валерый Гапееў, Васіль Ткачоў і Міхась Сліва і многія-многія іншыя). Відаць, зусім невыпадкова Уладзімір Караткевіч увекавечыў Рагачоўшчыну ў літаратуры (“Каласы пад сярпом тваім”, “Ладдзя роспачы”) і пакінуў нашчадкам запаветныя словы: “… Тут добра, як нідзе, / У старасвецкай хаце, / У дзедаўскім родным гняздзе”. У старажытна-слаўным горадзе Рагачове доўгачаканае і запамінальна-ўрачыстае свята аб’яднала ўсіх, хто шануе роднае слова, зберагае духоўныя здабыткі нацыянальнай культуры, літаратуры і асветы. Бо ці не пісьменства робіць нас прыгожымі, сапраўднымі гаспадарамі Зямлі пад белымі крыламі, а мова наша – “самая славянская”…

 А.Э. Сабуць, загадчык кафедры беларускай літаратуры, член СПБ