НА ПАЭТЫЧНЫМ ВОГНІШЧЫ Ў ЗАЛЕССІ
Менавіта тут, у залескай сядзібе М.К.Агінскага, падчас Сусветнай Ночы Музеяў, 21 мая сабраліся аматары паэтычнага слова. Лёс злітаваўся-падараваў гэтае святое месца – т.зв. “Паўночныя Афіны” Міхала Клеафаса Агінскага, дзе можна сустракацца, абменьвацца думкамі, дэкламаваць свае творы і пры гэтым быць упэўненымі ў прыхільнасці гаспадароў гэтай сядзібы. Думаецца, што так будзе заўсёды, бо нездарма гэтую прыгожую сядзібу ў надвілейскім Залессі назвалі “Паўночнымі Афінамі”. Тут блаславёна думаецца, марыцца і спяваецца. Тут ніколі не бывае пуста: сядзіба і гасціннасць яе гаспадароў заўсёды прыцягвае да сябе мноства гасцей. Вось і зараз агонь вогнішча прыцягнуў да сябе аматараў паэзіі і музыкі з Гродна, Мінска, Маладзечна і Смаргоні. А пасля вершы перайшлі ў спевы, як гэта часта бывала ў “Паўночных Афінах”, дзе збіраліся вядучыя дзеячы той эпохі з Пецярбурга, Масквы, Парыжа, Варшавы і іншых гарадоў…
Залескія гаспадары (імправізавана ад імя дзяцей М.К.Агінскага) падарылі насычаны расповед-выставу пра гісторыю старадаўняга княжаскага роду Агінскіх, якія карысталіся уласным гербам “Агінец”, пра асобу князя Міхала Клеафаса Агінскага – дзяржаўнага дзеяча, былога паўстанца, кампазітара-аматара. Ролю пісьменніцы-мемуарысткі Габрыэлі Пузыны з графаў Гюнтэраў, сучасніцы і суседкі Агінскіх па маёнтку выконвала надзвычай шчырая руплівіца па аднаўленні і захаванні спадчыны М.К.Агінскага, супрацоўнік музея-сядзібы Таццяна Іванаўна Кляшчонак. Марыя-Нэры з Амеліяй (ролі жонкі і дачкі прыйшліся самім супрацоўнікам сядзібы) выканалі прачулы раманс Міхала Клеафаса Агінскага “Родная вёска” (бо менавіта тут, у Залессі, М.К.Агінскі пачаў пісаць свае ўспаміны, тут яго выбралі ганаровым членам Віленскага ўніверсітэта, старшынёй Віленскага дабрачыннага таварыства; тут ўзнавілася дыпламатычная дзейнасць кампазітара). Вянок натхнення, сплецены з галінак бэзу і вясновых кветак, вынеслі і ўсклалі да памятнага валуна роду Агінскіх юныя музы. Затым гасцей запрасілі ў палац. У канцэртнай зале распачаў імпрэзу мінскі ансамбль выкладчыкаў школы мастацтваў імя Аладава “Музычны момант”.
Да аднаўлення тагачаснага высакароднага духу ў прыгожай адноўленай сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага годна далучылася і гродзенская дэлегацыя: прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (загадчык кафедры беларускай літаратуры А.Э. Сабуць і студэнтка 3 курса спец. “Беларуская філалогія” В. Смолка), а таксама гродзенскія паэты абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, якія былі запрошаны імправізавана на баль у “Паўночныя Афіны”.
Ад імя сёлетняй юбіляркі, “каралевы жывога слова” Элізы Ажэшкі віталі гаспадароў і гасцей адноўленай сядзібы. Так, Вялікая Патронка Наднёманскага краю крочыла ў сядзібу свайго суайчынніка… Міхал Клеафас Агінскі і Эліза Ажэшка: што іх лучыць? Любоў да Беларускага краю, які ўзгадаваў і даў натхненне; гуманізм і мецэнацтва, сусветная вядомасць… І, бадай, што немалаважна, – салоннасць, дзе іх сядзібы сталі сапраўднымі культурнымі салонамі. Гэта салоны-святыні, у якіх пануе Дух Вялікасці, калі чуеш узнёслы паланэз “Развітанне з Радзімай” (заўважым, ні Парыж, ні Канстанцінопаль, ні Венецыя, што ўвабралі 8 гадоў эміграцыі вядомага кампазітара і дыпламата па Еўропе, не змаглі замяніць яму радзіму), калі чытаеш узвышана-паэтычны нарыс “Людзі і кветкі над Нёманам”. Насамрэч, найпрыгажэйшыя ў прыродзе – гэта музыка і кветкі. І – людзі, якія і ёсць тымі кветкамі зямлі беларускай... Пасля ўступнага слова дацэнта кафедры беларускай літаратуры Аліны Сабуць прагучалі эмацыйна-ўзнёслыя вершы старшыні абласнога аддзялення СПБ Людмілы Кебіч (якая парадавала залескіх гаспадароў і запрошаных гасцей уласным выкананнем песень), лірычныя эцюды дзіцячай пісьменніцы Ганны Скаржынскай, неардынарна-авангардныя для ўспрыняцця вершы Дзмітрыя Радзівончыка, урачыста-патрыятычныя радкі Браніслава Ермашкевіча і шчымліва-ўзвышаны спеў барда Анатоля Апанасевіча, а таксама інтымна пранікнёныя вершы маладой паэтэсы Вікторыі Смолкі. Гродзенскія творцы пераканалі гасцей і гаспадароў знакамітай сядзібы М.К.Агінскага ў тым, што дзіўнай музыкай слоў, іграннем пачуццяў на ліры гучыць ПАЭЗІЯ – цнатліая пані-берагіня. Без сумніву, усе прысутныя пачулі не толькі новыя вершы, але і н о в а е слова гродзенскіх творцаў.
Для поспеху кожнай справы патрэбна самаахвярнасць. Гэта цудоўна разумеюць і ажыццяўляюць мясцовыя залескія жыхары і самі супрацоўнікі адноўленай сядзібы-музея М.К.Агінскага, якія зайздросна-паважліва берагуць памяць пра свайго знакамітага земляка. Пашанліваму стаўленню да спадчыны свайго краю, яе захаванню і зберажэнню была прысвечана Міжнародная культурная акцыя “Ноч музеяў”. Ад імя гаспадароў сядзібы шчыра запрашаем ў Залессе! Каб праз гонкія верхавіны магутных шматгадовых дрэў, ліпавай алеі сядзібы і кранальна-гімнічнае выкананне шэдэўральнага паланэзу адчуць святасць той крэўскай, гістарычна знакамітай зямлі.
А.Э.Сабуць, загадчык кафедры беларускай літаратуры