ТВОРЧЫ ДЫЯЛОГ З ПІСЬМЕННІКАМІ
Творчы лёс студэнта-філолага ў многім залежыць ад паспяховага літаратурнага вопыту. 20 лістапада 2025 года дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, літаратуразнаўца Аліна Эдмундаўна Сабуць арганізавала лекцыйныя заняткі па дысцыпліне “Уводзіны ў літаратуразнаўства” для студэнтаў 1-га курса спец. “Беларуская філалогія” і “Рамана-германская філалогія” ў фармаце брыфінг-дыялогу з пісьменнікамі Гродзеншчыны па тэме “Разуменне літаратурнага працэсу. Літаратурныя сувязі”. Гэта чарговы практыка-арыентаваны тэматычны дыялог студэнтаў Купалаўскай Аlma mater і гродзенскіх літаратараў у традыцыйным праекце пад назвай “Літаратурныя ўніверсітэты”. Дэлегацыю прадставілі старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса, празаік, перакладчык Людміла Кебіч; намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык; паэтэса Таццяна Яцук, паэт Руслан Півавараў; паэт, бард Андрэй Татур.
Падчас лекцыйнага брыфінг-дыялогу гродзенскія творцы пазнаёмілі студэнтаў са структурай, літаратурна-грамадскай місіяй саюзнай пісьменніцкай арганізацыі, яе сайтам www.pisateli.by, друкаваным органам – альманахам “НА НЁМАНСКАЙ ХВАЛІ”, актуальнымі запатрабаванымі выданнямі, літаратурнай школай і грамадскім дыскусійным клубам “Словадром”. Кожны з запрошаных гасцей шчыра падзяліўся сваім творчым вопытам, сакрэтамі мастацкага почырку. Студэнты з цікавасцю ўступілі ў творчую дыскусію, пераканаліся ў сутнасным адрозненні верша ад паэзіі, паэта ад яго лірычнага героя, а таксама пачулі выкананне твораў на розную тэматыку і праблематыку, адчулі водар музыкі слова, мелодыі лірычнага радка. На развітанне літаратары запрасілі філолагаў да супрацоўніцтва з абласной пісьменніцкай арганізацыяй.
Такія творчыя дыялогі надзвычай прадуктыўныя і для студэнтаў-купалаўцаў, каб адчуць подых сучаснага літаратурнага працэсу, і непасрэдна для пісьменнікаў, каб асэнсаваць зацікаўленасць сучаснай моладзі мастацкімі вобразамі і праблемамі, кніжнымі выданнямі.
Аліна Сабуць,
дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя Янкі Купалы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі







