У ПАДТРЫМКУ ЧАСОПІСА І РОДНАГА СЛОВА
19 лютага напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы і 85-гадовага юбілею Купалаўскага ўніверсітэта адбылася сустрэча выкладчыцкага калектыву кафедры беларускай філалогіі з галоўным рэдактарам навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” Наталляй Мікалаеўнай Шапран. Названае перыядычнае выданне штомесяц аб’ёмна прэзентуе айчынную гуманітарыстыку. Стварэнню атмасферы творчага супрацоўніцтва спрыяе і крэда часопіса “Роднае слова”: “Часопіс для прафесійнага натхнення”.
Н.М. Шапран з удзячнасцю адзначыла вопыт мабільнага ўзаемадзеяння з кафедральнымі аўтарамі-навукоўцамі, чые публікацыі дапаўняюць тэматычныя раздзелы (“Літаратура і час”, “Мовы рысы непаўторныя”, “Методыка і вопыт” і інш. ) часопісных нумароў. Таксама былі агучаны адметныя рысы выдання і яго наватарскія ідэі, зроблены агляд прэм’ерных рубрык, што ўпэўнена пашыраюць далягляды айчыннага мовазнаўства: “Філалогія як сацыяльная семіётыка тэкстаў”, “Крылатыя словы з іншамоўных крыніц”, “Міфы і рэальнасць беларускай арфаграфіі” і інш.
Адметна і тое, што падчас сустрэчы сумесна былі абмеркаваны пытанні далейшага супрацоўніцтва і перспектыва выхаду эксклюзіўнага нумару часопіса, прысвечанага юбілейнай даце Альма-матар.
Выкладчыцкая супольнасць кафедры беларускай філалогіі ўпэўнена, што новы фармат узаемадзеяння з аўтарытэтным часопісам “Роднае слова” сведчыць пра яго плённасць і перспектыўнасць.