default_mobilelogo



АЗНАЯМЛЯЛЬНАЯ ФАЛЬКЛОРНАЯ ПРАКТЫКА-2024
Азнаямяльная фальклорная практыка студэнтаў першага курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” праходзіла на базе ДУА “Канвелішская сярэдняя школа” Воранаўскага раёна пад кіраўніцтвам дацэнтаў кафедры беларускай філалогіі Р.К. Казлоўскага і А.Э.Сабуць. На працягу выязнога этапу практыкі студэнты збіралі творы вуснай народнай творчасці ў вёсках Беняконі, Больцінікі, Вінцукі, Канвелішкі, Навіянка, Падгай, Падварышкі, Пашэлі, Свілы, Слёзкі і інш. Былі запісаны творы розных фальклорных жанраў: абрадавыя і пазаабрадавыя песні, легенды і паданні, прыказкі і прымаўкі, загадкі, прыпеўкі.
Наладжана шчыльнае супрацоўніцтва са школьным лагерам “Канвалія” ДУА “Канвелішская сярэдняя школа”. Першакурснікі прынялі актыўны ўдзел у шоў “Голас”, конкурсе “Прыгажуня Канваліі-2024” (перамагла Вікторыя Грыгаровіч), народным свяце “Купалле”.
Таксама студэнты і выкладчыкі 30 чэрвеня паўдзельнічалі ў брэндавым свяце аграгарадка Канвелішкі “Гучаць музыкі і прыпеўка”, на якім выступалі мясцовыя майстры народнай музыкі і спеваў. Філолагі-першакурснікі выступілі з прыпеўкамі, а дацэнты Р.К.Казлоўскі і А.Э.Сабуць працавалі ў складзе журы на чале са старшынёй сельскага савета Г.Ч.Пільжыс. Значнай падзеяй стала “Сустрэча навукі і Канваліі” ў аздараўленчым лагеры “Рамонак” – сумеснае мерапрыемства лагера “Канвалія”, раённага лагера “Навука”, выкладчыкаў і студэнтаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Купалаўскай Аlma mater. Падчас інтэрв’ю-пляцоўкі дадзенага мерапрыемства выкладчыкі правялі прафарыентацыйную гутарку з вучнямі-прызёрамі раённых і абласных алімпіяд, а студэнты прадэманстравалі свае мастацка-творчыя здольнасці.
Насычанай была і экскурсійная праграма азнаямляльнай фальклорнай практыкі. Студэнты і выкладчыкі наведалі гістарычныя месцы аграгарадка Канвелішкі і яго ваколіц, дом-крэпасць П. Нонхарта (ХVІІ ст.) у вёсцы Гайцюнішкі, сядзібна-паркавы комплекс і мясціны Адама Міцкевіча ў аграгарадку Больцінікі, магілу М.Верашчакі ў аграгарадку Беняконі і інш.
Азнаямляльная фальклорная практыка – высокаэфектыўная форма навучальнай дзейнасці, якая дае магчымасць студэнтам цалкам паглыбіцца ў фальклорна-этнаграфічны і моўны асяродак мясцовасці, а таксама прасачыць працэсы жывога бытавання фальклора.