default_mobilelogo



ЛІТАРАТУРНЫЯ ДЫЯЛОГІ: ПІСЬМЕННІКІ І СТУДЭНТЫ
 Плённы творчы лёс спецыяліста журналісцкай практыкі ў многім залежыць ад паспяховай літаратурнай адукацыі. 5 сакавіка 2024 года дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прыняла ўдзел у традыцыйным праекце пад назвай “Літаратурныя ўніверсітэты” (ініцыятар – член СПБ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, літаратуразнаўца Аліна Эдмундаўна Сабуць). А дакладней, лекцыя па дысцыпліне “Беларуская літаратура” па тэме “Сучасны літаратурны працэс. Літаратурная Гродзеншчына: постаці, праблемы, перспектывы” адбылася ў фармаце практыка-арыентаванага брыфінг-дыялогу гродзенскіх пісьменнікаў са студэнтамі 2 курса спецыяльнасці “Журналістыка” і “Інфармацыя і камунікацыя”.
На чарговую сакавіцкую сустрэчу са студэнтамі ў Купалаўскую аlma mater завіталі старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, паэтэса, празаік, перакладчык Людміла Кебіч; намеснік старшыні, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык; публіцыст, празаік, дзіцячая пісьменніца Ірына Фамянкова; паэтэса, публіцыст, прафесійны журналіст Тамара Мазур; паэтэса Кацярына Ігнацюк.
Падчас лекцыйнага брыфінг-дыялогу гродзенскія творцы пазнаёмілі студэнтаў са структурай, літаратурна-грамадскай місіяй саюзнай пісьменніцкай арганізацыі, яе друкаваным органам – альманахам “НА НЁМАНСКАЙ ХВАЛІ”, актуальнымі праектамі і літаратурнымі конкурсамі, сённяшнімі запатрабаванымі выданнямі і запытам чытачоў, грамадскім дыскусійным клубам “Словадром” і грамадскай літаратурнай школай. У прыватнасці, гэта папулярны зборнік твораў-прысвячэнняў пісьменнікаў Гродзеншчыны класікам беларускай літаратуры “ПЕСНЯРАМ АЙЧЫНЫ” (2022), які пад адной вокладкай сабраў творы пісьменнікаў-прафесіяналаў і творы студэнтаў-купалаўцаў. А таксама кніга пісьменнікаў Гродзеншчыны “ЛЕПШЫ ГОРАД ЗЯМЛІ” (2023) – зборнік літаратурна-мастацкіх твораў да 895-годдзя горада Гродна. Безумоўна, справядліва была адзначана ўнікальнасць гродзенскай абласной пісьменніцкай арганізацыі менавіта ў непадкупнай арыгінальнасці новых праектаў, якія не дубліруюць ніводны праект ці падыход іншых абласных арганізацый. Такая адметная пячатка першаадкрыцця выгадна вылучае гродзенскі рэгіён сярод іншых у рэспубліканскім фармаце (невыпадкова юбілейнае 90-годдзе рэспубліканскага пісьменніцкага саюза прымеркавана ладзіць на Гродзеншчыне, у Мастах, 25 красавіка (“Масты сяброўства”)). Дыскусійны характар набылі таксама пытанні залежнасці ад крытыкі камерцыйнага поспеху мастацкіх выданняў, уяўленняў чытача пра сучасны літаратурны працэс, наяўнасць найбольш прадуктыўных жанраў літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі ў сучасных СМІ і інш.
Канешне, кожны з запрошаных гасцей шчыра дзяліўся сваім творчым вопытам, сакрэтамі мастацкага почырку. Так, тонкі лірык і ўдумліва праніклівы публіцыст, празаік Ірына Фамянкова паінтымнічала са студэнцкай аўдыторыяй наконт таго, што нараджае пісьменніка і як нараджаецца кніга; прычым як пазаштатны карэспандэнт многіх перыядычных выданняў, пісьменніца падвяла досыць нечаканую, адмысловую выснову: журналісцкая справа – аб’ектыўная, незацугляная памяць да кончыкаў пальцаў... Цікавая паэтэса, граматны журналіст Тамара Мазур захапіла будучых маладых калегаў змястоўным аповедам пра вабныя лабірынты журналісцкай справы, завяшчала моладзі быць сапраўднымі беларусамі і не адракацца ад роднай мовы, наталяцца паэзіяй, якая ніколі не старэе. Як падручны дапаможнік будучым спецыялістам інфармацыі і камунікацыі, журналістам рэкамендавана кніга літаратуразнаўцы Аліны Сабуць “«Наперад ісці чалавеку гуманнаму…»: беларуская мастацкая публіцыстыка ХХ-ХХІ стагоддзяў” (2023). Вабнымі дыяментамі сваёй паэтычнай філасофіі, майстэрствам ілюстраваць мастацкія домыслы праз неардынарныя малюнкі пашчыравала маладая паэтэса Кацярына Ігнацюк. Паэт авангарднага стылю, артыстычны дэкламатар уласных твораў Дзмітрый Радзівончык захапіў моладзь філігранным гучаннем метафорыкі слова. Вядомая шматлікім чытачам паэтэса музычнага ідыястылю Людміла Кебіч падарыла ўдзячным слухачам некалькі вершаваных “пейзажаў душы” з апошняй па часе выдання лірычнай кнігі “Мае начныя бліскавіцы” (2023). Напрыканцы такога змястоўнага палілогу пад гучныя апладысменты Людміла Кебіч і Дзмітрый Радзівончык аздобілі мерапрыемства вершаваным дуэтам пра жанчыну-паэтку і мужчыну-паэта.    
На развітанне гродзенскія літаратары выступілі з сяброўскімі пажаданнямі студэнцкай моладзі, запрасілі будучых прафесіяналаў спецыяльнасці “Журналістыка”, “Інфармацыя і камунікацыя” да супрацоўніцтва з абласной пісьменніцкай арганізацыяй, яе сайтам www.pisateli.by. Трэба сказаць, такія творчыя дыялогавыя пляцоўкі надзвычай плённыя, неабходныя абодвум бакам: і студэнтам-купалаўцам, каб адчуць плынь сучаснага літаратурнага жыцця сваёго рэгіёна, і непасрэдна пісьменнікам, каб пачуць зацікаўленасць сённяшняга чытача, вельмі патрабавальнага і досыць інтэлектуальнага.
 
А.Э. Сабуць,
 дацэнт кафедры беларускай філалогіі
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8