ЗАПРОШАНЫ ПРАФЕСАР В.А. МАКСІМОВІЧ
16 і 17 лістапада 2023 года ў рамках праграмы “Запрошаны прафесар” для студэнтаў беларускай філалогіі былі прачытаны лекцыі доктарам філалагічных навук, прафесарам, загадчыкам аддзела філасофіі літаратуры і эстэтыкі Інтытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук В.А. Максімовічам (арганізатар – кафедра беларускай філалогіі). Падчас змястоўных заняткаў Валерый Аляксандравіч акцэнтаваў увагу на цікавых пытаннях параўнальнага літаратуразнаўства, у прыватнасці, тыпалагічных падабенстваў і аналогій у творах беларускіх класікаў. Таксама адбылася прэзентацыя манаграфіі В.А. Максімовіча “Эстэтыка творчасці Максіма Багдановіча” (2023), дзе аўтар падзяліўся сваімі пошукамі таямніц творчай лабараторыі Максіма Багдановіча, канцэптуальна-светапогляднымі і духоўна-маральнымі асновамі творчасці нашага маладога класіка. Арыгінальнай была даследчыцкая ўласная расшыфроўка эстэтыкі паэтычнага мыслення М. Багдановіча (класічны канон, анталагічныя каштоўнасці, дыялог “свайго” і “чужога”, экзістэнцыяльны дыскурс і інш.).
Разам з тым, студэнты-купалаўцы прачыталі свае вершы-прысвячэнні паэту-эстэту Максіму Багдановічу, якія змешчаны ў зборніку твораў-прысвячэнняў гродзенскіх пісьменнікаў класікам і сучаснікам “Песнярам Айчыны” (2022).
Сімвалічна і тое, што даследчык Багдановічавай творчасці, запрошаны прафесар з Мінска В.А. Максімовіч наведаў Музей Максіма Багдановіча і падарыў свае манаграфічныя кнігі музею і навуковай бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы якраз напярэдадні юбілейнага 110-гадовага святкавання “Вянка” (1913) – адзінай кнігі паэта, “сапраўднай жамчужыны ў беларускай літаратуры” (А. Навіна).
Пасля такога чаканага і змястоўнага знаёмства можна запэўніць, што Багдановічаў запавет “Я хацеў бы спаткацца з Вамі…” спраўджаны: гэта сустрэча класіка з сучаснікамі, якія шануюць паэтаву “красу і светласць”.