default_mobilelogo



СУСТРЭЧА З КУПАЛАМ – ЗАЎСЁДЫ АДКРЫЦЦЁ
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 17 лістапада  прайшла чарговая навукова-практычная канферэнцыя «Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні», якая традыцыйна была арганізавана кафедрай беларускай філалогіі.
З прывітальным словам да аўдыторыі звярнулася рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Фёдараўна Кітурка, якая адзначыла важнасць неўміручай спадчыны песняра, бо праблемы купалазнаўства заўсёды актуальныя ў навуковай прасторы. Падчас такіх сустрэч наладжваюцца чалавечыя стасункі, узаемасувязі, нараджаюцца ідэі, дзякуючы чаму навука рухаеццца наперад. Рэктар з прыемнасцю падкрэсліла, што канферэнцыя атрымала міжнародны рэзананс. Не толькі навукоўцы з розных куткоў Беларусі (а гэта Мінск, Гомель, Брэст), але і з замежжа  (Кітай, Таджыкістан, Казахстан, Расія) прадэманструюць сваё бачанне спадчыны Купалы, а таксама паразважаюць над сучаснымі пытаннямі мовазнаўства і літаратуразнаўства.
Ва ўступным слове загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Станіславаўна Садоўская прывітала ўсіх удзельнікаў канферэнцыі, адзначыла важнасць і актуальнасць даследавання і спасціжэння неўміручага Купалавага слова, запрасіла філолагаў да змястоўнага плённага дыялогу-абмеркавання важных праблем купалазнаўства, літаратуразнаўства і мовазнаўства.
Прарэктар па навуковай працы Андрэй Францавіч Праневіч акцэнтаваў увагу на тым, што Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні маюць багатую гісторыю, навукова-творчы патэнцыял,  і адзначыў, што мерапрыемства такога фармату разлічана найперш на маладое пакаленне, якое будзе знаходзіць сябе ў мастацкім свеце Купалы.
Да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч, які адзначыў важнасць навуковых пошукаў і адкрыццяў, што з’яўляюцца падмуркам для беларускага асветніцтва. 
Усіх прысутных прывіталі таксама дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Уладзіміравіч Грынько; намеснік дэкана па навуковай працы філалагічнага факультэта Аксана Іванаўна Кавальчук; старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі  Людміла Антонаўна Кебіч.
Прывітальныя словы накіравалі і замежныя госці: прафесар Нанькайскага ўніверсітэта Кітайскай Народнай Рэспублікі, перакладчык твораў Янкі Купалы Гу Юй; доктар філалагічных навук, дацэнт Какандскага педагагічнага інстытута імя Мукімі Дзілфура Адзілаўна Хасанава, доктар гістарычных навук, дацэнт Какандскага педагагічнага інстытута імя Мукімі Гульчахра Сабірджанаўна Рахімава (Узбекістан); выкладчык Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дар’я Мікалаеўна Гальцова.
На пленарным пасяджэнні таксама ганаровымі гасцямі выступілі доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык аддзела філасофіі літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валерый Аляксандравіч Максімовіч; доктар філалагічных навук, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская мова і літаратура» Алесь Іванавіч Бельскі; доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вольга Аляксееўна Ляшчынская; доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай філалогіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя       А.С. Пушкіна Зоя Пятроўна Мельнікава.
Інфармацыйным было шырокае кола праблем купалазнаўства, літаратуразнаўства і мовазнаўства падчас секцыйных пасяджэнняў. У ходзе навуковай урачыстасці грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі, педагогі, магістранты і студэнты падзяліліся творчымі знаходкамі і ідэямі ў шырокім дыялогу класікі і сучаснасці, ушанавалі велічную місію прарочага Купалавага Слова.
14-я Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні выразна падкрэслілі, што Янка Купала быў і застаецца узорам для «мілай і слаўнай моладзі нашай бязмежнай краіны», нацыянальным гонарам Беларусі.