default_mobilelogo



У ВЯНОК КЛАСІКАМ 

17 лютага 2023 года ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага адбылася прэзентацыя кнігі «Песнярам Айчыны» (Гродна, 2022): зборніка твораў-прысвячэнняў сучасных пісьменнікаў Гродзеншчыны класікам беларускай літаратуры.
Складальнікі і рэдактары кнігі «Песнярам Айчыны» – старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Людміла Кебіч (ёй належыць ідэя згаданага выдання) і кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Сабуць (аўтар 6 эсэ і прадмовы да студэнцкіх прысвячэнняў). Прадмовай «Натхненне традыцый» да зборніка пашчыраваў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.
Пачэсны доўг для сапраўдных купалаўцаў – студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – працягнуць дыялог, суразмоўніцтва з класікай, яе актуальнымі запаветамі сёння. Таму ў кнізе «Песнярам Айчыны» разам з творамі 20 пісьменнікаў Гродзеншчыны годна прадставілі свае творы-прысвячэнні і нашы студэнты-філолагі.
У перазоўным дыялогу прагучалі выбаленыя і шчымлівыя радкі ўласных, прысвечаных беларускім класікам, вершаў і эсэ студэнтаў спец. «Беларуская філалогія»: Дар’і Дзяшук і Ангеліны Янкелайць (2 курс), Кацярыны Гудзіновіч, Вольгі Навіцкай, Веранікі Саўко, Дар’і Шабельскай і Ксеніі Урбановіч (3 курс).
«Пад светлым іменем Купалы» (менавіта так называецца асобны раздзел студэнцкіх твораў-прысвячэнняў Янку Купалу, Максіму Багдановічу, Цётцы) для студэнтаў-купалаўцаў адкрываецца новы свет, новыя магчымасці захаваць і сцвердзіць суверэннасць любай Беларусі, прая якую так марыў прарок Купала.
Сімпатычна і паказальна, калі студэнты-філолагі з гонарам называюць сябе КУПАЛАЎЦАМІ. І гэта паказчык прыналежнасці не толькі да ўніверсітэцкай Купалаўскай Alma mater, якой лёсам наканавана дастойна насіць імя аднаго са шляхетных беларускіх паэтаў, але і да Купалавай Беларусі. Бо Янка Купала ўскладаў пачэсны спадзеў на беларускую моладзь, звяртаўся кранальна шчыра: «мілая, слаўная моладзь», «слаўная вечна ў вечным народзе»…
Яны – студэнцкая моладзь – годныя пераемнікі Багдановічавай, Купалавай, Коласавай, Цётчынай Беларусі. І тут – у кожнага з іх – ёсць СВАЯ МЕЛОДЫЯ, СВАЯ НОТА ў надзвычайнай інтымнасці адчування класічнага паэтычнага радка…
 
Аліна Сабуць, к.ф.н, дацэнт кафедры беларускай філалогіі

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5-1
  • 6-1
  • 7
  • 8
  • 9-2
  • 9