default_mobilelogo


















8-9 снежня 2022 г.  у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце адбыліся ХІ Каложскія адкрытыя абласныя навукова-адукацыйныя чытанні. Іх агульная тэма “Глабальныя выклікі сучаснасці і духоўны выбар асобы” ўяўляецца сёння надзвычай актуальнай і прапануе задумацца над праблемай вечных універсальных каштоўнасцей. Гэта яскрава пацвердзіў змест мерапрыемстваў першага дня Чытанняў.
На пленарным пасяджэнні прагучалі 5 дакладаў. Прафесар кафедры філасофіі С.З. Семярнік у сваім паведамленні пераканаўча паказала небяспечнасць падмены фундаментальных каштоўнасцей культуры падманкамі, што шырока транслююцца зараз у мэтах дасягнення камерцыйнага поспеху і маніпуляцыі свядомасцю людзей.
Іншыя выступоўцы прывялі розныя прыклады духоўных подзвігаў, здзейсненых абаронцамі высокіх хрысціянскіх ідэалаў насуперак суровым выклікам сучаснасці. Гэта стварэнне ў сярэдзіне ХVI ст. рукапіснага Жыровіцкага Евангелля і яго факсімільнае перавыданне ў 20-х гг. ХХІ ст., прэзентаванае на пленарным пасяджэнні айцом Паўлам Бубновым, выкладчыкам Мінскай духоўнай семінарыі. Гэта і самаахвярнае асветніцка-патрыятычнае служэнне святароў Гродзенскай епархіі, пра якое распавёў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін А.С. Горны, і дзейнасць захавальніка культуры протаіерэя Кірыла Фоціева, з якою прысутных пазнаёміла госця з Масквы, навуковы супрацоўнік Дома рускага замежжа імя А. Салжаніцына Ю.Я. Павельева. Подзвіг паэта – нацыянальнага правадыра – быў паказаны ў дакладзе дацэнта кафедры беларускай філалогіі А.Э. Сабуць “Матыў праведнасці ў паэзіі Янкі Купалы”.
Высакародна і натхнёна прагучала выступленне хора Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна, а выстава літаратуры, падрыхтаваная супрацоўнікамі навуковай бібліятэкі ГрДУ, нагадала пра дзве значныя для беларусаў даты: 500-годдзе заснавання друкарні Францыска Скарыны ў Вільні і дзень нараджэння Максіма Багдановіча (9 снежня).
Праблематыку першага дня Чытанняў істотна пашырылі дыскусія “Ці патрэбна духоўнасць сучаснаму чалавеку?” (у ГрДУ), круглы стол ”Рэлігія – права – асоба” (у УА “БІП – Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій”) і дыялогавая онлайн-пляцоўка “Моладзь і духоўнасць: выбар каштоўнасцей і пабудова будучыні” на базе медыяцэнтра Гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) г. Гродна.
9 снежня працавалі 20 секцый паводле праблемных накірункаў Чытанняў (гл. праграму). Было заслухана каля 350 выступленняў. Сваю прастору для сустрэч і зацікаўленага абмену думкамі ўдзельнікам прапанавалі Гімназія № 2 г Гродна, СШ № 38 імя Кірыла Тураўскага г. Гродна, ГрДУ, БІП – Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Прыходскі цэнтр Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна. Нельга не адзначыць важкі ўнёсак у агульную справу, які кожны год робяць выкладчыкі кафедры рускай філалогіі ГрДУ, працуючы ў аргкамітэце, на чале асобных секцый, у якасці навуковых кіраўнікоў студэнтаў-выступоўцаў.
Арганізацыйны камітэт Каложскіх чытанняў выказвае глыбокую ўдзячнасць рэктару І.Ф. Кітурка, прарэктару па навуковай працы А.Ф. Праневічу, выкладчыкам і студэнтам ГрДУ, зычыць новых поспехаў і плёну на культурна-асветніцкай ніве.