default_mobilelogo



КОНКУРС ТВОРЧЫХ ПІСЬМОВЫХ ПРАЦ “ЗА ШТО Я ЛЮБЛЮ РОДНУЮ ЗЯМЛЮ?..” 

Згодна з загадам рэктара “Аб правядзенні тыдня беларускай мовы” з мэтай развіцця творчых здольнасцей студэнтаў 21 верасня кафедрай беларускай філалогіі быў праведзены  КОНКУРС ТВОРЧЫХ ПІСЬМОВЫХ ПРАЦ “ЗА ШТО Я ЛЮБЛЮ РОДНУЮ ЗЯМЛЮ?..”, у якім актыўны ўдзел прынялі студэнты спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Прапанаваная тэматыка асабліва актуальная, паколькі сёлетні 2022 год згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.
“Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына; // Паміж сваіх і чужакоў яна мне ласкай матчынай…” – менавіта такія красамоўныя словы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, чыё імя носіць наша Alma Mater і чыё 140-годдзе мы адзначаем сёлета, натхнілі студэнтаў-славеснікаў шчыра падзяліцца сваімі меркаваннямі, за ШТО кожны з іх любіць сваю родную зямлю, Бацькаўшчыну, Беларусь. З прычыны абмежавання матэрыялу прывядзём толькі некаторыя студэнцкія радкі, якія сведчаць, што будучыя філолагі любяць наш край менавіта ЗА:
“…за бацькоўскі дом, шчаслівае дзяцінства і цудоўную прыроду…”,
“…за родную мову, беларускі арнамент і магчымасць атрымання адукацыі…”,
“…за жыхароў Беларусі, добрых, ветлівых, працалюбівых, міласэрных і талерантных…”,
“…за беларускамоўную бабулечку, маленькую хатку на ўзгорку, рачулку і поле сініх васількоў…”,
“…за бацькоў нашых, за паветра, за ваду…”,
“…за прыгожыя краявіды, за водар палёў і кветак…”,
“…за тое, што яна, родная зямля, ёсць, і за тыя мілыя сэрцу дробязі, без якіх яна не была б роднай…”,
“…за спакой і мірнае, блакітнае неба над галавой…” і інш.
 Напрыканцы творчых прац гучалі студэнцкія запаветныя словы-пажаданні, “каб родны край развіваўся і заставаўся заўсёды годным памяці сваіх продкаў”, “каб мець вялікую ласку да месца, дзе нарадзіліся”, а таксама “берагчы сваю зямлю, наш народ, нашу Бацькаўшчыну – нашу БЕЛАРУСЬ”.
 Дзякуй вам, дарагія купалаўцы-славеснікі, за любоў і адданасць роднай зямлі, вернасць Беларусі!
  • 1-
  • 2
  • 3
  • 4