default_mobilelogo



У ВЯНОК ПАМЯЦІ ПРАФЕСАРА ІГАРА ВАСІЛЬЕВІЧА ЖУКА
 13 чэрвеня 2022 года прафесару кафедры беларускай філалогіі Ігару Васільевічу Жуку споўнілася б 65 гадоў…
СМЕРЦІ Ў ТВОРЦЫ НЯМА… Улетку, чэрвеньскім днём 2017 года, толькі справіўшы свой прыгожы 60-гадовы юбілей, наш калега прафесар кафедры беларускай філалогіі Ігар Васільевіч Жук нечакана развітаўся з зямным быццём. Пісьменнік, вядомы літаратуразнаўца, неардынарны тэарэтык літаратуры І.В. Жук развіваў ідэі структуралізму і пакінуў удзячным чытачам найтанчэйшыя нюансы эстэтыкі мастацкага мыслення. Ягоная навуковая спадчына адрасавана спецыялістам у галіне паэтыкі прозы і тэорыі літаратуры: гэта манаграфіі “Сустрэчны рух” (1998), “Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існавання” (2003), “Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя” (2009, у суаўтарстве), “Прыхінуцца да крыніцы” (2017, пасмяротна) і  паўтары сотні змястоўных публікацый.
І.В. Жук  ахвяраваў свой творчы лёс кафедры беларускай літаратуры (з 1982 г.), на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўзначаліў наваствораны факультэт беларускай філалогіі і культуры. Менавіта І.В. Жук – адзін з ініцыятараў правядзення традыцыйных Купалаўскіх чытанняў на філалагічным факультэце ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы (з восені 1995 г.). Таму адбываюцца яны з благаславення калегі-патрыёта Ігара Васільевіча ў свядомасці кожнага купалаўца не па абавязку, а па духоўнай патрэбе. Ігар Васільевіч быў сапраўдным люстрам гарадзенскага літаратурнага асяродку ў вачах нацыянальнай літаратуразнаўчай навукі, ды і далёка за яе межамі.
Сёння, 13 чэрвеня, Ігар Васільевіч Жук мог бы адзначыць свой пашанлівы юбілей… Голас Яго, аднак, апазнавальна-чутны і адтуль, з нябёсаў, бо Ягоны паэтычны космас бязмежны. Аўтарытэтны літаратуразнаўца, шчыры калега, удумлівы педагог. Кафедра беларускай філалогіі ўшанавала светлую памяць годнага купалаўца нашай ALMA MATER. У вянок памяці Ігара Васільевіча была ўрачыста адпраўлена заўпакойная ліція ў Свята-Пакроўскім Кафедральным Саборы. На могілках у вёсцы Гожа калег сустрэў удумліва-засяроджаны погляд прафесара, такі знаёмы і праніклівы. Каля яго магілы прагучалі шчымлівыя ўспаміны калег-аднадумцаў, міжволі ўзгадаліся ягоныя любімыя радкі з Коласавай паэмы «Сымон-музыка»:  І гэты скарб, пазычаны, адбіты, / У сэрцы перажыты / І росамі абмыты / Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых, / Для вас, душою чулых, / Як доўг, як дар, / Дае пясняр….
Ад апошняга прытулку І.В. Жука вее спакоем і лагодай, магчыма таму, што ён знаходзіцца ў маляўнічым месцы, якое нібыта ахутана такой блізкай прафесару Купалавай загадкавасцю: “Дуб галлё распусціў каранасты над ім…”
…У кабінеце кафедры беларускай філалогіі да юбілею прафесара І.В. Жука падрыхтавана выстава яго прац, якія яшчэ раз нагадалі супрацоўнікам факультэта пра годную прысутнасць гэтай знакавай асобы ў нашым навуковым жыцці.
Ігар Васільевіч – чалавек-думка, чалавек-свет, чалавек-душа…  Менавіта такім застаўся ў памяці калег: чалавек, з добрым сэрцам і адкрытай душой. Часам па-сяброўску клапатліва, а часам па-прафесарску строга і патрабавальна Ігар Васільевіч умеў сваёй сапраўднай чалавечнасцю захапіць і ўвесці за сабой. Ён даваў свабоду кожнаму ў навуковых ідэях і задумах, бо сам быў свабодны. І, здаецца, «мыслярную» свабоду, як ён сам гаварыў, лічыў галоўнай раскошай чалавечага існавання.
Нястрыманая пошукавая энергія, якой ён зараджаў кожнага, хто гатовы быў яе браць і ўвасабляць у самых нечаканых навуковых рашэннях, вылівалася ў цікавыя і, часам, далёка не звыклыя для беларускага літаратуразнаўства ідэі. Так, у яго і «літаратура “мысліць” матывамі», і «матывы – своеасаблівыя ДНК літаратуры, … вельмі складаны для навуковага расчытвання». Але ў той жа час Ігар Васільевіч, здаецца, заўсёды быў сам-насам з літаратурай, з магутным беларускім словам. Яго расчытванне Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага  было ў нечым вельмі інтымным, нават сакральным. Чаго ён патрабаваў і ад сваіх вучняў – без фальшу, уедліва, вельмі ўважліва адносіцца да навуковай справы і быць адказным за кожнае выказанае слова.
Светлая памяць пра прафесара, арыгінальнага тэарэтыка літаратуры, літаратуразнаўцу-наватара, сапраўднага патрыёта беларускага краю Ігара Васільевіча Жука назаўсёды застанецца ў душах Ягоных творчых крэўнікаў, блізкіх па духу. Бо бясцэнным скарбам пакінуў даследчык-празарліўца нам у дар ёміста-раскошныя эстэтычныя разгадкі і загадкі элітнага прачытання.