default_mobilelogo



ПАД СВЕТЛЫМ ІМЕНЕМ КУПАЛЫ 
26 лістапада 2021 г. у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце быў дадзены старт мерапрыемствам, прысвечаным  140-й гадавіне з дня нараджэння Янкі Купалы. Кафедра беларускай філалогіі філалагічнага факультэта арганізавала і правяла традыцыйную, 13-ую  па ліку, навукова-практычную канферэнцыю “Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні”.
Ва ўступным слове загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Станіславаўна Садоўская прывітала ўсіх удзельнікаў канферэнцыі, адзначыла важнасць і актуальнасць даследавання і спасціжэння  неўміручага Купалавага слова, запрасіла філолагаў да змястоўнага плённага дыялогу-абмеркавання важных праблем літаратуразнаўства і мовазнаўства.
З прывітальным словам да аўдыторыі звярнулася рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Фёдараўна Кітурка, якая падкрэсліла знакавасць таго, што купалаўская alma mater годна ўшаноўвае імя Янкі Купалы – аднаго са шляхетных беларускіх паэтаў, прарокаў беларускай нацыі, справядліва актуалізавала місію студэнтаў-купалаўцаў чытаць і вывучаць Купалу, каб зразумець мастацкі свет славутага песняра і наблізіцца да ўсведамлення яго мар і імкненняў. Бо, як адзначыла Ірына Фёдараўна, Купала-творца шчыра і годна маліўся “і сэрцам, і думамі”, маліўся “распятай душой” “за родны загон Беларусі”.
Начальнік навукова-даследчай часткі Антон Анатольевіч Глазеў зусім справядліва акцэнтаваў увагу на ацэнцы спадчыны Купалы-класіка, а таксама на навукова-творчым патэнцыяле мерапрыемства такога фармату, якое разлічана найперш на маладое пакаленне: “знайсці” Купалу і сябе ў мастацкім свеце Купалы.
Дэкан філалагічнага факультэта Святлана Віктараўна Ганчар прывітала гасцей і ўдзельнікаў Купалаўскіх чытанняў, пажадала цікавых навуковых адкрыццяў, а таксама падтрымала думку рэктара пра тое, што Купалаўскі ўніверсітэт – узор таго, як у ім  не толькі шануюцца традыцыі, але і наладжваюцца новыя формы працы.
На пленарным пасяджэнні, акрамя выступоўцаў і членаў кафедры беларускай філалогіі, ганаровымі гасцямі выступілі доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Аляксандравіч Даніловіч і намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык. Свае грунтоўныя даклады прадставілі д.ф.н., прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская мова і літаратура» Алесь Іванавіч Бельскі, д.ф.н., прафесар, прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вольга Аляксееўна Ляшчынская, д.ф.н., прафесар, прафесар кафедры рускай філалогіі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Таццяна Яўгеньеўна Аўтуховіч, д.ф.н., прафесар Мікалай Аляксандравіч Даніловіч, к.ф.н., дацэнт, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Аліна Эдмундаўна Сабуць.
Надзвычай шырокае кола праблем літаратуразнаўства і мовазнаўства падчас секцыйных пасяджэнняў “Купалазнаўства і актуальныя праблемы літаратуразнаўства” (мадэратары – А.Э. Сабуць і С.М. Тарасава), “Актуальныя праблемы мовазнаўства і дыдактыкі” (мадэратары – В.Л. Варановіч і Ж.С. Сіплівеня), “Актуальныя праблемы супастаўляльнага мовазнаўства” (мадэратары – А.І. Кавальчук, С.С. Масленікава). Адметным ушанаваннем на канферэнцыі адбылася праца асобнай секцыі ў вянок Янку Купалу  “Студэнцкая навука ў гонар Янкі Купалы” (мадэратары – І.М. Хлусевіч, М.А. Якалцэвіч).
Падчас такой шыкоўнай навуковай урачыстасці грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі, педагогі, магістранты і студэнты падзяліліся творчымі знаходкамі і ідэямі ў шырокім дыялогу класікі і сучаснасці, ушанавалі велічную міію прарочага Купалавага Слова.
13-я Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні, прысвечаныя 140-й гадавіне з дня нараджэння Янкі Купалы, выразна падкрэслілі, што духоўным хлебам для беларусаў быў і застаецца Янка Купала – пачатак пачаткаў нацыянальнай літаратуры, беларускай класічнай спадчыны. Бо менавіта Янка Купала апякун і абаронца нацыі, спадчыны, якая нам “засталася ад прадзедаў спакон вякоў”.