default_mobilelogo



СТУДЭНТЫ-ПЕРШАКУРСНІКІ  ПРЫВІТАЛІ  ЛІТАРАТУРНУЮ  ВОСЕНЬ…
 Студэнты 1 курса спец. “Беларуская філалогія” прынялі ўдзел у літаратурна-музычным творчым вечары «Новых вітаем сяброў», які адбыўся 9 верасня ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага. Нагодай стала прэзентацыя творчасці членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія папоўнілі шэрагі Гродзенскага абласнога аддзялення арганізацыі ў бягучым 2021 годзе. Навабранцамі СПБ, галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі публіцыст Аляксандр Сявенка; празаік Кацярына Насута; паэт, аўтар і выканаўца песень Андрэй Татур (Гродна), а таксама паэтэса Таццяна Лазарчык (Ваўкавыск), паэтэса, аўтар і выканаўца песень Надзея Салейка (Слонім).
Са словамі прывітання да навабранцаў літаратурнай Гродзеншчыны звярнуліся калегі, члены СПБ: празаік Ірына Фамянкова, беларускі паэт з Ваўкавыскага раѐна Мікалай Іваноўскі, паэт Браніслаў Ермашкевіч, літаратуразнаўцы Аліна Сабуць і Руслан Казлоўскі, дзіцячы паэт Віктар Кудлачоў, маладая беларуская паэтэса, выпускніца філалагічнага факультэта Вікторыя Смолка.
Падчас урачыстасці, якую прадстаўлялі грамадскія дзеячы, педагогі, навукоўцы, нашы студэнты-першакурснікі пазнаёміліся таксама з рознымі творчымі праектамі літаратурнай Гродзеншчыны і, думаецца, у хуткім часе яны стануць удзельнікамі грамадска-літаратурных інтэрнэт-праектаў «Чытаем сучасных паэтаў Гродзеншчыны» і «Лісты да Цѐткі з ХХІ стагоддзя». Для студэнтаў-філолагаў будзе пачэсна далучыцца да высакароднай справы ўзбагачэння айчыннай культурнай спадчыны, літаратурнай краязнаўчай супольнасці.
Так знакава пачалася для першакурснікаў гродзенская літаратурная восень.
  
Аліна Сабуць,
дацэнт кафедры беларускай філалогіі,
куратар студэнцкай групы
1 курса спец. “Беларуская філалогія”