default_mobilelogo



Дзень роднай мовы асаблівы для кожнага. І мы беларусы – не выключэнне. Нам у спадчыну застаўся “геніяльны твор” – беларуская мова, жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. 
Сёлета святкаванне Міжнароднага Дня роднай мовы на філалагічным факультэце адбылося напярэдадні 21 лютага на тыдні ўрачыстасцей, прысвечаных 80-годдзю нашага ўніверсітэта. Менавіта таму свята роднай мовы займела сімвалічны статус.
Літаратурна-музычная імпрэза “Не пакідайце ж мовы нашай…”, арганізаваная кафедрай беларускай філалогіі, распачалася прывітальным словам загадчыка кафедры беларускай філалогіі Алены Станіславаўны Садоўскай, якая павіншавала ўсіх са святам роднай мовы.
Святкаванне працягнулася па традыцыі ва ўтульнай атмасферы цёплага слова і  пяшчотнай музыкі. У той жа час фармат правядзення імпрэзы быў дастаткова разнастайны: да купалаўцаў завітаў сам Францішак Багушэвіч, які сваёй гарачай прамовай Ой, нашто ж мне дана тая мая мова” змог абудзіць сэрца кожнага з прысутных, прымусіў задумацца над чароўнай сілай роднага слова. Асоба Ф. Багушэвіча, якому ў гэтым годзе спаўняецца 180 год з дня нараджэння, сталася знакавай для беларусаў: інтэлігент, ён “і сэрцам і думамі” быў заўсёды са сваім народам.  
Гасцямі мерапрыемства сталі ветэраны педагагічнай працы – Зінаіда Пятроўна Данільчык, былы загадчык кафедры беларускай мовы, і Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, былы загадчык кафедры беларускай літаратуры і кафедры беларускай культуры. Як знаўца беларускай культуры і літаратуры, А.М. Пяткевіч звярнуўся да аўдыторыі са словам вялікай павагі, падзяліўся сваім разуменнем сутнасці і шляхоў роднага слова.
У цэлым праграма свята была вельмі насычанай – дэкламацыя вершаў і прозы выкладчыкамі, студэнтамі і вучнямі школ, трэйлер па матывах паэзіі пра роднае слова, музычны калейдаскоп і інш.
Сапраўдным урачыстым закрыццём імпрэзы сталася эмацыйна-напоўненае, вельмі лірычнае выкананне Максімам Георгіевічам Пархамчуком (спецыяліст аб’яднання “Студэнцкі медыяцэнтр”) аўтарскага “Гімна роднай мове”. 
Святкаванне Дня роднай мовы, а таксама Дня нараджэння ўніверсітэта працягнецца мерапрыемствам “Знайдзі сябе з намі”: усе жадаючыя, студэнты і выкладчыкі, змогуць прыняць удзел у напісанні агульнаўніверсітэцкай дыктоўкі. Мерапрыемства запланавана на 21 лютага.
                                                                                        
Т.А. Аляшкевіч