default_mobilelogo



Літаратурная Гродзеншчына: постаці, праблемы, перспектывы
 
Пад такой назвай прайшоў 18 лістапада “круглы стол”, арганізацыю якога ініцыявалі дацэнт кафедры беларускай філалогіі Сабуць Аліна Эдмундаўна і Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У фармаце творчай дыскусіі, з элементамі аператыўнага брыфінгу адбылася сустрэча студэнтаў 2-га курса спец. “Журналістыка” з паэтамі Людмілай Кебіч, Рыгорам Гармашам, Ганнай Скаржынскай і Дзмітрыем Радзівончыкам.
Падчас канструктыўнага дыялогу вёўся расповед пра мастацка-творчую дзейнасць абласнога аддзялення пісьменнікаў Гродзеншчыны, яе набыткі і перспектывы: праблемы гламурнасці літаратуры і непрадказальнай будучыні-лёсу мастацкай кнігі; праблемы камерцыялізацыі літаратурна-мастацкіх выданняў і іх папулярызацыі; дзейнасць грамадскага літаратурнага клуба “Словадром”; ладкаванне творчых імпрэз-сустрэч з чытачамі; арганізацыю і правядзенне Трэцяга абласнога літаратурнага конкурса рукапісаў імя Цёткі ў намінацыях “паэзія”, “проза”, “дзіцячая творчасць” “літаратурная крытыка”, “публіцыстыка”, “краязнаўства”  і інш.
На развітанне гродзенскія паэты падаравалі колькі вершаў самай рознай тэматыкі ўдзячным слухачам – будучым журналістам, якія, думаецца, здольныя ацаніць самадастатковасць, выключнасць пісьменніцкага радка тога ці іншага творцы. Бо паэт, вядома, той прамоўца, які правакуе да дыялогу, да пошуку сутнаснага, прыгожага, што не патрабуе аніякага апраўдання. Бо, думаецца, пісьменніцкі плён узважваецца не колькасцю твораў, а іхняй выключнасцю, не многасцю, а – дастатковасцю. Або, як прызнаўся адзін з паэтаў Дзмітрый Радзівончык, “для меня писатели были людьми волшебными…”
А.Э. Сабуць, дацэнт кафедры беларускай філалогіі