Купалаўскія чытанні-2019
Навука ў гонар Купалы
Імя Янкі Купалы – неад’емная частка Гродзенскага ўніверсітэта. З гэтым даўно звыкліся і студэнты, і выкладчыкі, асабліва філалагічнага факультэта. Дзякуючы іх намаганням наша ВНУ ў 1957 г. не толькі набыла статус купалаўскай, але і стала заснавальнікам унікальнай навуковай традыцыі – Купалаўскіх чытанняў, канферэнцыі, разлічанай на вывучэнне і папулярызацыю творчасці беларускага класіка, асвятленне актуальных праблем літаратуразнаўства і мовазнаўства.
2019 год стаў знамянальным, таму што менавіта Купалаўскія чытанні распачалі шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя Гродзенскага ўніверсітэта.
15 лістапада адбыліся дванаццатыя па ліку Купалаўскія чытанні. На ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі выступілі з прывітальным словам загадчык кафедры беларускай філалогіі А.С.Садоўская, прарэктар па навуковай рабоце Ю.Я.Раманоўскі, дэкан філалагічнага факультэта І.С.Лісоўская. Свае віншаванні купалаўцам адрасавала Вольга Трацяк, дацэнт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча). Яна перадала падарункі і віншавальны ліст ад кіраўніцтва свайго факультэта. Урачыстае адкрыццё канферэнцыі прадоўжылася літаратурна-музычнай кампазіцыяй “У вянок Янку Купалу”.
З навуковымі дакладамі, прысвечанымі розным аспектам творчасці Янкі Купалы выступілі М.А.Даніловіч, прафесар кафедры беларускай філалогіі, І.С.Лісоўская, кандыдат філалагічных навук. Ганаровым госцем Купалаўскіх чытанняў стаў доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык Цэнтра філасофіі літаратуры і эстэтыкі НАН РБ В.А.Максімовіч, які прадставіў прысутным даклад “Творчасць Янкі Купалы як асновасутнасны складнік нацыянальнай мастацкай традыцыі”.
Другая частка пленарных выступленняў была прысвечана актуальным пытанням мовазнаўства і літаратуразнаўства. Змястоўныя даклады слухачам прапанавалі Т.Я.Аўтуховіч, А.В.Нікіцевіч, прафесары кафедры рускай філалогіі. Завяршыла пленарнае пасяджэнне В.З.Трацяк, распавёўшы прысутным пра айконімы польска-беларускага памежжа, матываваныя назвамі тыпаў пасяленняў і жылля.
Абмеркаванне навуковых праблем прадоўжылася на пасяджэннях секцый, у працы якіх прынялі ўдзел выкладчыкі ўніверсітэта, госці канферэнцыі, настаўнікі, аспіранты, магістранты, студэнты. Прыемна адзначыць, што самай прадстаўнічай аказалася секцыя “Актуальныя праблемы купалазнаўства”. Навукоўцамі быў вызначаны напрамак, які можа стаць канструктыўным вектарам ў далейшым як акдэмічным, так і школьным вывучэнні творчасці Янкі Купалы. Рознабаковыя навуковыя напрамкі былі прадстаўлены ў дакладах удзельнікаў секцыі “Актуальныя праблемы літаратуразнаўства” . У секцыях “Праблемы лексікалогіі, фразеалогіі, парэміялогіі”, “Праблемы супастаўляльнага мовазнаўства”, “Праблемы стылістыкі і лінгвадыдактыкі” абмяркоўваліся актуальныя пытанні беларускай мовы, яе гісторыі і тэорыі. Усе ўдзельнікі канферэнцыі ўжо змаглі патрымаць у руках новы зборнік навуковых прац “Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні”, у які ўключыны больш за 70 артыкулаў.
На сённяшні дзень праведзена 12 Купалаўскіх чытанняў, выдадзена 12 зборнікаў. Пра гродзенскую канферэнцыю ведаюць далёка за межамі нашага рэгіёна. Распачатыя традыцыі працягваюцца. Сёння можна ўпэўнена гаварыць, што Купалаўскія чытанні - 2019 ўжо задалі старт новай навуковай канферэнцыі 2021 года.