Брыфінг-дыялог з цыкла “ЛІТАРАТУРНЫЯ ЎНІВЕРСІТЭТЫ-3”
Яе Вялікасць Паэзія-берагіня…
5 лістапада на філалагічным факультэце адбыўся брыфінг-дыялог з цыкла “ЛІТАРАТУРНЫЯ ЎНІВЕРСІТЭТЫ-3” студэнтаў 1-га курса спецыяльнасцей “Беларуская філалогія” і “Рамана-германская філалогія” з гродзенскімі пісьменнікамі, членамі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: старшынёй абласнога аддзялення СПБ, паэтэсай, празаікам, перакладчыкам Людмілай Кебіч; паэтам, публіцыстам Дзмітрыем Радзівончыкам; празаікам, аўтарам дамскіх раманаў Лінай Багданавай і паэтам, празаікам, стваральнікам арыгінальных бурымэ Пятром Сямінскім. Ініцыятарам праекта выступіла к.ф.н, дацэнт кафедры беларускай філалогіі А.Э. Сабуць.
Студэнты-купалаўцы мелі шыкоўную магчымасць паўдзельнічаць у дыскусіі адносна творчага пошуку і законаў мастацкай творчасці, суадносін мастацкага свету творцы і мастацкага свету твора, сродкаў стварэння вобраза-персанажа, місіі перакладчыка і творцы, праблемы пераемнасці традыцый і наватарства, пытанняў нацыянальнасці і грамадзянскасці пісьменніка, стылю як адметнай манеры пісьма і інш.
Кожны з запрошаных творцаў падзяліўся сакрэтамі стварэння сваіх лірычных герояў і гераінь, а таксама напрыканцы сустрэчы гродзенскія пісьменнікі пажадалі юным філолагам быць арыгінальнымі, шукаць сябе і заставацца берагінямі Яе Вялікасці Творчасці, якая панавіта валадарыць у нязведаным дарэшты свеце.
“Пішу як жыву” – менавіта так услед за лаканічным прызнаннем свайго пісьменніцкага рамяства Янкі Брыля маглі б вызначыць стыль уласнага творчага пісьма кожны з гродзенскіх паэтаў, у мастацкім свеце якога змагаюцца ўладнае “хачу” і безабароннае “хочацца”…
Відэа імпрэзы – у рубрыцы “В зеркале времени” сайта абласнога аддзялення СПБ (pisateli.by).
А.Э. Сабуць, дацэнт кафедры беларускай філалогіі