default_mobilelogo



16 красавіка 2019 года філалагічны факультэт універсітэта стаў адной з гарадскіх пляцовак для правядзення рэспубліканскага семінара «Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці: асоба, адукацыя, грамадства», арганізаванага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, ДУА «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі», ДУА «Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі».
 Свой вопыт і свае дасягненні ў папулярызацыі беларускай мовы  ўдзельнікам семінара, сярод якіх пераважалі метадысты інстытутаў развіцця адукацыі, раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, кіраўнікі метадычных аб'яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, прадставіла кафедра беларускай філалогіі ў праграме «Дай, мова беларуская, руку ... »: папулярызацыя беларускай мовы у прасторы ўстановы вышэйшай адукацыі».
Кіраўнік структурнага падраздзялення А.С. Садоўская  агучыла прысутным асноўныя напрамкі, па якіх развіваецца дзейнасць кафедры па папулярызацыі беларускай мовы, дала свою ацэнку праведзенай працы. Далей супрацоўнікі кафедры больш дэталёва расказалі пра сваю дзейнасць у названых напрамках, прадэманстраваўшы гасцям відэаролікі і прэзентацыі. Змястоўна прагучалі паведамленні аб дысцыплінах, якія чытаюцца на нефілалагічных спецыяльнасцях, аб агульнаўніверсітэцкіх акцыях «Чытаем разам ...», «Купалаўская дыктоўка», аб супрацоўніцтве выкладчыкаў кафедры з установамі і арганізацыямі г. Гродна, перыядычнымі выданнямі, грамадскімі аб'яднаннямі. Выкладчыкі падзяліліся ўражаннямі аб нядаўняй паездцы ў Варшаўскі ўніверсітэт (Рэспубліка Польшча), дзе не менш годна разам са студэнтамі прадставілі сваю культуру і сваю родную мову.
У нязмушанай форме аб сваёй ганаровай місіі носьбітаў беларускай мовы расказалі ўдзельнікам семінара і самі студэнты-купалаўцы, якія вучацца на спецыяльнасці «Беларуская філалогія» -- Радковіч Аляксандра, якая стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года - 2017», Сяцько Маргарыта, якая нядаўна атрымала тытул «Гарадзенская беларусачка», і іншыя студэнты філалагічнага факультэта.
Усе ўдзельнікі семінара былі аднадушныя ў імкненні да падтрымкі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы, віталі магчымасць падзяліцца вопытам у прадстаўленым напрамку.