default_mobilelogo


















Навучальна-культуралагічны візіт студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў Рэспубліку Польшча адбыўся з 08 па 12 красавіка 2019 года
Студэнты 1, 2, 3 курсаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, а таксама магістрант 1 курса філалагічнага факультэта пад кіраўніцтвам дацэнтаў кафедры беларускай філалогіі Таццяны Аляшкевіч і Аліны Сабуць  прынялі ўдзел у праграме навучальна-культуралагічнага абмену (Варшаўскі ўніверсітэт, факультэт прыкладной лінгвістыкі, кафедра беларусістыкі).
У рамках праграмы студэнты-купалаўцы праслухалі лекцыі прафесара М. Хаустовіча па праблемах атрыбуцыі, дацэнтаў А. Масквіна і М. Хмяльніцкага па пытаннях тыпалогіі літаратурных польска-беларускіх узаемасувязяў, польскага дыскурсу ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст., а таксама прынялі актыўны ўдзел у шэрагу практычных заняткаў па лінгвістыцы, арганізаваных загадчыкам кафедры беларусістыкі і супрацоўнікамі (В. Траццяк, Г. Рэдзюх і інш.). Важным у плане камунікацыі выглядаў досыць прадуктыўны дыялог паміж студэнтамі-беларусамі і студэнтамі-палякамі спец. “Беларуская мова з рускай і англійскай мовамі навучання”, рэалізаваны як у навучальным, так і ў культурна-асветніцкім накірунку, што паспрыяе далейшаму пашырэнню міжнацыянальнага філалагічнага дыскурсу.
Так, дэлегацыя ГрДУ імя Я. Купалы наведала знакавыя культурна-гістарычныя мясціны Варшавы: гэта Галоўная Універсітэцкая Бібліятэка ў Варшаве, жывапісны Сад, размешчаны на Даху Універсітэцкай Бібліятэкі ў Варшаве, Музей Варшаўскага паўстання, касцёл Святой Ганны, помнік Адаму Міцкевічу, Палацавая плошча Варшавы з шыкоўным Каралеўскім замкам, жывапісная і легендарная Рыначная плошча Старога горада – сэрца польскай сталіцы, Кракаўскае прадмесце (Варшаўскі ўніверсітэт і Палац Радзівілаў з памятным манументам, прысвечаным князю Ю. Панятоўскаму), раскошны Саксонскі парк (плошча маршала Юзэфа Пілсудскага), Лазенкаўскі палац і інш. Адметным відовішчам стаў Палац культуры і навукі – самы высокі будынак у Польшчы, які ўваходзіць у дзясятку высотных хмарачосаў Еўрапейскага Саюза.
Дацэнты кафедры беларускай філалогіі Т.А. Аляшкевіч і А.Э. Сабуць прачыталі літаратуразнаўчыя лекцыі для польскіх студэнтаў і выкладчыкаў кафедры беларусістыкі, а таксама прэзентавалі калегам літаратурны альманах “На Нёманскай хвалі” і анталогію польска-беларускай паэзіі (інтэрнацыянальны зборнік паэзіі “МАСТЫ: Гродна-Варшава. Mosty: Warszawa-Grodno /Кніжнае выдавецтва IBIS, Варшава, 2017) з уласнымі аўтарскімі публікацыямі.