Дзень роднай мовы па-купалаўску
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ АДЗНАЧЫЛІ ПА-КУПАЛАЎСКУ
Беларуская мова – адна з самых старажытных, мілагучных моў свету. Менавіта таму нашу мову сусветнавядомы Адам Міцкевіч назваў “самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай”, “самай багатай і самай чыстай гаворкай”.
Беларуская мова – адна з самых старажытных, мілагучных моў свету. Менавіта таму нашу мову сусветнавядомы Адам Міцкевіч назваў “самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай”, “самай багатай і самай чыстай гаворкай”.
Святкаванне Міжнароднага Дня роднай мовы 21 лютага ўрачыста распачалося паэтычна-музычным віншаваннем студэнтамі-філолагамі рэктарата і структурных падраздзяленняў універсітэта з уручэннем спецыяльна падрыхтаванай віншавальнай паштоўкі. Згаданая акцыя арганізавана па ініцыятыве кафедры беларускай філалогіі.
Святочны марафон мерапрыемстваў у гонар Дня роднай мовы і Дня нараджэння ўніверсітэта (што знакава набліжаны датамі) працягнуўся напісаннем агульнаўніверсітэцкай “Купалаўскай дыктоўкі”. Са словамі віншавання да шырокай аўдыторыі звярнулася рэктар універсітэта І.Ф. Кітурка, што вітальна настроіла студэнтаў і супрацоўнікаў Купалаўскай Alma mater на пачэсную справу ўшанаваць беларускае слова ў сценах нашай навучальнай установы, якая годна носіць імя нацыянальнага класіка Янкі Купалы. Выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі філалагічнага факультэта агучылі дыктоўку для студэнтаў усіх факультэтаў, а таксама супрацоўнікаў, аматараў роднага слова. Пасля напісання “Купалаўскай дыктоўкі” кожны меў магчымасць самаправеркі тэкста, што падкрэсліла самадастатковасць кожнага ўдзельніка і далейшае жаданне далучыцца да новаўведзенага мерапрыемства, якое, дарэчы, праводзіцца ў сценах універсітэта ўпершыню і, думаецца, стане ганаровай традыцыяй для купалаўцаў.
Свой прыгожы працяг Свята Дня роднай мовы на філалагічным факультэце знайшло падчас літаратурна-музычнай імпрэзы “Магутнае слова, ты, роднае слова!”, падрыхтаванай кафедрай беларускай філалогіі. З прывітальным словам да вялікай залы звярнулася дэкан філалагічнага факультэта Іна Самсонаўна Лісоўская, якая падзялілася сваім разуменнем сутнасці купалаўскага паэтычнага выказвання і шчырымі пажаданнямі шанаваць роднае слова. Пільнай увазе гасцей, студэнтаў і выкладчыкаў былі прапанаваны творчая студэнцкая майстэрня “Сёння ў нашай хаце свята…”, выкананне духоўных песень (“Беларускае слова ад Бога…”), выступленні замежных студэнтаў (“Ва ўніверсітэце нашым нікому не цесна, кожнаму знойдзецца ўтульнае месца”). Адметным варта назваць і выступленне вучняў СШ №32 – філіяла кафедры беларускай філалогіі (“У любімай мове, роднай, наскай, ах, якія словы: «Калі ласка!... »”), дзе мела магчымасць прадставіць сябе абітурыентка названай установы, што мае і прафесійна-арыентаваны накірунак.
Шчыра вітала зала і запрошаных гасцей – гродзенскіх пісьменнікаў Людмілу Кебіч (старшыню Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі”), Алу Клемянок, Людмілу Шаўчэнку і маладую паэтэсу Вікторыю Смолку (магістранта па спец. “Літаратуразнаўства”). Эмацыйна-лірычнымі прамовамі, чытаннем сваіх вершаў гродзенскія творцы вельмі ўдала пераканалі прысутных, што ў паэзіі кожнае слова мае свой і колер, і смак, і водар. Што менавіта Яе Вялікасць Паэзія адорвае цудатворным уменнем тварыць Хараство, шукаць таямніцу ў вечным, светлым і святым.
Аздобілі свята “дзіўнай музыкай слоў, іграннем пачуццяў на ліры” таксама студэнцкія выкананні беларускіх песень, прагляд відэаролікаў з чытаннем студэнтамі-філолагамі любімых радкоў беларускіх паэтаў.
Такі прыемны падарунак да Дня роднай мовы зрабіла кафедра беларускай філалогіі, каб кожны купалавец нашай Alma mater мог упэўнена і годна сказаць “Да мяне прытулілася Слова...”
А.Э.Сабуць, к.ф.н., дацэнт
кафедры беларускай філалогіі