Супрацоўніцтва з Варшаўскім універсітэтам
Супрацоўніцтва наладжваецца
Шматмоўная прастора філалагічнага факультэта многімі прызнана як прыдатная стартавая пляцоўка для шматлікіх замежных сувязей. З вышэйшымі навучальнымі ўстановамі бліжніх і далёкіх замежных краін на факультэце здаўна падтрымліваліся сталыя творчыя і навуковыя сувязі. На гэты раз з мэтай наладжвання супрацоўніцтва па розных напрамках навуковай, вучэбнай і культурнай дзейнасці філалагічны факультэт наведалі студэнты і выкладчыкі кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча).28 лістапада на факультэце адбылася ўрачыстая сустрэча гасцей, якіх прывіталі дэкан філалагічнага факультэта Лісоўская І.С., загадчык кафедры беларускай філалогіі Садоўская А.С., выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі, студэнты 1 і 2 курсаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Польскі бок прадставілі Вольга Трацяк, кандыдат гуманітарных навук, загадчык кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Ганна Рэндзёх-Коркуз – кандыдат гуманітарных навук, выкладчык кафедры беларусістыкі, а таксама група студэнтаў розных курсаў, якія навучаюцца на аддзяленні беларускай філалогіі.Гасцям з Польшчы, большасць з якіх наведала Гродна ўпершыню, ужо ў першы дзень была прадстаўлена разнастайная і цікавая праграма. Першая сустрэча і блізкае знаёмства адбыліся падчас круглага стала, на якім госці і гаспадары падзяліліся інфармацыяй па праблемах вывучэння беларускай філалогіі ў розных ВНУ. Беларускія студэнты прадставілі гасцям невялікую прывітальную праграму. З вялікім задавальненнем замежныя студэнты і выкладчыкі паслухалі вершы і песні ў выкананні студэнтаў-філолагаў 1-2 курсаў. Таксама падчас пасяджэння адбылася прэзентацыя чарговага 18-га нумару часопіса “Acta Albaruthenica”, ва ўкладанні якога прынялі ўдзел і выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага ўніверсітэта. Сустрэча прайшла ў прыязнай сяброўскай атмасферы, адчувалася двухбаковая зацікаўленасць у кантактах, былі вызначаны прыярытэтныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва.У гэты ж дзень польскія студэнты праслухалі лекцыю прафесара кафедры беларускай філалогіі Даніловіча М.А. “Пазалінгвістычныя вытокі беларускай фразеалогіі”, адзначыўшы пры гэтым яе выключную змястоўнасць і займальнасць.Пазней польскія выкладчыкі і студэнты наведалі музей гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе змаглі глыбей пазнаёміцца з матэрыяламі пра мінулую і сучасную дзейнасць вядучай вышэйшай навучальнай установы заходняга рэгіёна.Першы дзень атрымаўся насычаны сустрэчамі, знаёмствамі, шматлікімі ўражаннямі, якія яшчэ раз пацвердзілі наяўнасць выключнай духоўнай блізкасці паміж суседнімі славянскімі культурамі.Другі дзень сустрэчы быў адметны тым, што польскія госці атрымалі цудоўную магчымасць акунуцца ў духоўна-нацыянальную прастору класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Цікавую, арыгінальную лекцыю прадставіла дацэнт кафедры беларускай філалогіі, кандыдат філалагічных навук Сабуць Аліна Эдмундаўна, падчас якой была асэнсавана асоба Янкі Купалы як прарока і генія, а таксама падкрэслена місія купалаўцаў прадстаўляць шляхетнасць і ўнікальнасць беларускай літаратуры. Пасля сустрэчы прадстаўнікоў двух універсітэтаў плануецца абмеркаванне праекта і падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Варшаўскім універсітэтам (Рэспубліка Польшча) і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы (Рэспубліка Беларусь).