default_mobilelogo



                                           ЗЯМНЫ І НЯБЕСНЫ СВЕТ ТВОРЦЫ                                                                          
20 чэрвеня на філалагічным факультэце адбыўся навуковы круглы стол “ЧАЛАВЕК. АСОБА. ТВОРЦА”, прысвечаны памяці прафесара Ігара Васільевіча Жука. З уступным словам да аўдыторыі звярнуліся дэкан філалагічнага факультэта І.С. Лісоўская, загадчык кафедры беларускай філалогііі А.С. Садоўская, былыя загадчыкі кафедры беларускай літаратуры (на якой Ігар Васільевіч прапрацаваў больш як трэць стагоддзя) Д.М. Лебядзевіч і А.Э. Сабуць. Ушанавалі светлую памяць годнага купалаўца нашай ALMA MATER калегі, настаўнікі, студэнты, былыя магістранты і аспіранты, а таксама ганаровая госця з Універсітэта ў Беластоку доктар філалагічных навук, прафесар Галіна Тварановіч і ганаровыя мінскія госці са сталічнага БДУ дактары філалагічных навук, прафесары Жанна Некрашэвіч-Кароткая і Алесь Бельскі.
Насамрэч, СМЕРЦІ Ў ТВОРЦЫ НЯМА… Год таму, толькі справіўшы свой прыгожы 60-гадовы юбілей, наш калега так нечакана развітаўся з зямным быццём. Апантаны і самаахвярны ў навуковых пошуках, надзвычай прынцыповы ў педагагічнай дзейнасці, Ігар Васільевіч Жук пакінуў бясцэнным скарбам у дар багатую палітру эстэтычных разгадак і загадак сапраўднага элітнага прачытання: аўтар чатырох салідных манаграфій “Сустрэчны рух” (1998), “Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існавання” (2003), “Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя” (2009, у суаўтарстве), “Прыхінуцца да крыніцы” (2017, пасмяротна), паўтары сотні раскошна-ёмістых публікацый. Слынны літаратуразнаўца, настаўнік-празарліўца, Ігар Васільевіч надзвычай далікатна запрашаў да раскадзіроўкі класічных тайнапісных радкоў, прапаноўваў сваё бачанне, сваю канцэпцыю расшыфроўкі. Больш за тое, вядомы на літаратуразнаўчай прасторы Беларусі і за яе межамі, наш калега І.В. Жук распрацаваў арыгінальную канцэпцыю метрадынамікі празаічнага выказвання: з дапамогай камп’ютарнай апрацоўкі класічных тэкстаў быў даследаваны рытм у творах М.Гарэцкага, К.Чорнага, Я.Брыля, В.Быкава, І.Мележа; даказана розная прырода рытму прозы і рытму паэзіі (менавіта коланы як мінімальныя адзінкі фармальнага апісання ўтвараюць свой рытмавы дыскурс тэксту). Таму сама паэтычная філасофія мыслення, прырода сустрэчнага руху празаічнага і вершаванага радкоў вабілі сапраўднага навукоўцу напоўніцу шукаць “зерне хараства”.
Як паўнапраўны месія ў студэнцкай аўдыторыі, Ігар Васільевіч сакральна распавядаў пра сакрэты мастацкага слова, чаму і кожныя ягоныя заняткі адбываліся як абрад, як набажэнства. Падчас Круглага стала праз паказ відэароліка “МНЕ БАЦЬКАЎШЧЫНАЙ ЦЭЛЫ СВЕТ…” кранальна прагучаў жывы голас-запавет Ігара Васільевіча быць ахоўнікамі нацыянальнай культуры. Калегі-літаратары А.Э.Сабуць, Р.К.Казлоўскі і С.М.Тарасава прачыталі любімыя радкі Ігара Васільевіча з Коласавай паэмы “Сымон-музыка” – “паэмы-казкі, паэмы-адгадванні будучыні” (відэаролік “ЯК ДОЎГ, ЯК ДАР ДАЕ ПЯСНЯР…”).
У вянок памяці Ігара Васільевіча прагучалі шчымлівыя ўспаміны калег-аднадумцаў, шыкоўная песня-дарунак “Дай, Добры Божа” ў выкананні студэнтаў і магістрантаў філалагічнага факультэта, выхаванцаў Ігара Васільевіча, а таксама ўрачыста адпраўлена заўпакойная ліція ў Свята-Пакроўскім Кафедральным Саборы.
Думаецца, песняром гродзенскай зямлі застанецца Ігар Васільевіч Жук, якому чуецца песня ад роднае зямлі, ад гоману бароў, / ад казак вечароў, / ад песень дудароў,.. / з якіх аснована і выткана жыццё…. Нам, калегам, і сёння гучыць з мяккай журбінкай голас Ігара Васільевіча з нябёсаў, з вышыні. Голас Яго, аднак, апазнавальна-чутны ў бязмежжы паэтычнага космасу.  Космасу ЯГОНАЙ ПАЭТЫЧНАЙ ДУШЫ.
 
А.Э. Сабуць,
дацэнт кафедры беларускай філалогіі