default_mobilelogo






Кафедра беларускай філалогіі працягвае слаўныя традыцыі мовазнаўчых і літаратуразнаўчых кафедр, якія былі створаны  ў Гродзенскім настаўніцкім інстытуце (з 1940 г.), Гродзенскім педагагічным інстытуце (з 1944 г.), Гродзенскім дзяржаўным універсітэце (з 1978 г.) і мелі наступныя назвы: кафедра беларускай мовы, кафедра беларускай мовы і літаратуры, кафедра беларускай літаратуры, кафедра беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства, кафедра беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства. Сённяшняя кафедра беларускай філалогіі была створана ў 2017 годзе ў выніку аб’яднання дзвюх кафедр – беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства і беларускай літаратуры.
За працяглы перыд існавання на кафедры працавалі шматлікія выкладчыкі, навукоўцы, якія не толькі ажыццяўлялі вучэбны працэс у сваёй навучальнай установе і ўвайшлі ў залаты фонд прафесарска-выкладчыцкага складу Купалаўскага ўніверсітэта,  але і сталі гонарам усёй беларускай навукі. Гэта Т.П. Сцяшковіч, І.Я. Лепешаў, В.І. Марозаў,  П.У. Сцяцко, І.В. Жук, А.М. Пяткевіч, Т.І. Тамашэвіч, Д.М. Карацінская, М.А. Янкоўскі, С.У. Кліманскі, К.І. Лецка, Д.М. Лебядзевіч, У.І. Каяла,  П.І. Маляўка, М.У. Мікуліч, З.П. Данільчык, М.А. Даніловіч і інш.
На сённяшні дзень кафедру беларускай філалогіі ўзначальвае кандыдат філалагічных навук, дацэнт Садоўская Алена Станіславаўна.
Кафедра забяспечвае выкладанне лінгвістычных дысцыплін для студэнтаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія” і з’яўляецца выпускаючай па дадзенай спецыяльнасці. Таксама выкладчыкі кафедры ажыццяўляюць выкладанне дысцыпліны “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” і некаторых іншых дысцыплін на ўсіх факультэтах універсітэта.
Пры кафедры дзейнічае магістратура па спецыяльнасці 7-06-0232-01 “Мовазнаўства”, а таксама аспірантура 10.02.20 “Параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства”, 10.02.01 “Беларуская мова”.
Кафедра актыўна супрацоўнічае з установамі адукацыі г. Гродна і Гродзенскай вобласці. З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і яе распаўсюджвання за мяжой наладжаны кантакты з філалагічным факультэтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, а таксама з нацыянальна-культурнай аўтаноміяй “Беларусы Масквы”.
Кафедра ажыццяўляе навуковыя даследаванні ў розных накірунках філалогіі, сярод якіх фразеалогія, парэміялогія, дыялекталогія, тапаніміка, методыка мовы і літаратуры, сучасная паэзія і проза, публіцыстыка, гісторыя мовы і літаратуры і інш. У навуку актыўна прыцягваюцца студэнты, якія прымаюць удзел у шматлікіх канферэнцыях, а таксама ў рэспубліканскім конкурсе навуковых прац. Пры кафедры створаны і дзейнічае студэнцкі навуковы гурток “Роднае слова”, які дазваляе рэалізаваць творчы і навуковы патэнцыял моладзі.
Штогод супрацоўнікі кафедры ажыццяўляюць выпуск зборніка навуковых артыкулаў “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны”; раз у два гады праводзіцца навуковая канферэнцыя “Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні”, у якой прымаюць удзел і замежныя навукоўцы; па выніках працы канферэнцыі выдаецца зборнік навуковых прац.
  У рамках аказання адукацыйных паслуг выкладчыкі кафедры праводзяць  кансультацыі для школьнікаў па падрыхтоўцы да ўсіх этапаў алімпіяды  па беларускай мове і літаратуры “Да алімпійскіх вяршыняў”, а таксама кансультацыі для настаўнікаў па напісанні навуковых прац “Юныя навукоўцы”. Штогод працуе “Школа беларускага філолага”, якая рыхтуе абітурыентаў да паступлення на спецыяльнасць “Беларуская філалогія”. 
Для рэалізацыі практыка-арыентаванага навучання пры кафедры створаны філіял на базе ДУА “Сярэдняя школа № 32 імя Т.Г. Ларыёнавай г. Гродна”, дзе ажыццяўляюцца вучэбныя і вытворчыя практыкі студэнтаў,  наладжваюцца сумесныя мерапрыемствы з мэтай прафесійнага абмену вопытам.
Выкладчыкі кафедры ўдзельнічаюць у выкананні Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў. На сённяшні дзень рэалізуецца тэма “Фразеалогія ў камунікатыўнай прасторы беларускай мовы”, а таксама агульнакафедральная тэма, якая выконваецца за кошт другой паловы дня, Лексіка, фразеалогія і граматыка беларускай мовы ў сінхранічным, дыяхранічным і супастаўляльным аспектах”.
Члены кафедры актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх выхаваўчых і прафарыентацыйных мерапрыемствах факультэцкага, універсітэцкага, гарадскога ўзроўню, сярод якіх “Агульнаўніверсітэцкая Купалаўская дыктоўка”, “Чытаем Купалу разам”, “І толькі слова ў вяках жыве…” і інш.; тры выкладчыкі кафедры з’яўляюцца членамі грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і сумесна са студэнтамі філалагічнага факультэта праводзяць шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне нацыяльнай літаратуры і культуры.
Вучэбную, навуковую, выхаваўчую, прафарыентацыйную дзейнасць кафедры ажццяўляюць: 1 доктар філалагічных навук, 11 кандыдатаў філалагічных навук, 1 кандыдат педадагічных навук, 1 магістр філалагічных навук.
 
 
 

Местоположение Yandex

Полезные ссылки