default_mobilelogo


















 Яшчэ раз пра мову

    Міжнародны дзень Роднай мовы набывае ўсё большую папулярнасць у культурнай прасторы Беларусі. Філалагічны факультэт адгукнуўся на гэтае свята сваёй маштабнай імпрэзай, якая адбылася 21 лютага. Але студэнты вырашылі прадоўжыць святочныя ўрачыстасці па ўшанаванні Дня роднай мовы, і таму прапанавалі падзяліцца сваім успрыманнем роднай мовы з навучэнцамі іншых устаноў адукацыі г.Гродна.
     23 лютага ў памяшканні Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.Макаёнка прайшло  свята музыкі і паэзіі “Гімн Роднай Мове”, падчас якога перад навучэнцамі далёка не гуманітарных спецыяльнасцей Гродзенскага політэхнічнага каледжа выступілі студэнты 1 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Вянскоўская Настасся, Радковіч Аляксандра, Сядач Наталля  і  іх  куратар, старшы  выкладчык кафедры беларускай літаратуры Тарасава Святлана Мікалаеўна. У праграме прагучалі вершы беларускіх паэтаў, беларускія песні, была прадстаўлена інфармацыя пра гісторыю і сучасны стан беларускай мовы. Размова з навучэнцамі праходзіла ў нязмушанай, цёплай атмасферы паразумення.
   Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.Макаёнка стала супрацоўнічае з філалагічным факультэтам ГрДУ імя Янкі Купалы, заўсёды аказвае дапамогу ў падрыхтоўцы імпрэз, заахвочвае студэнтаў і іншых навучэнцаў да чытання і карыстання кнігай, у тым ліку і на роднай мове.