СВОЙ У СВАІМ ДОМЕ
Імя Максіма Багдановіча для гарадзенцаў асабліва пашанлівае. Бо адсюль паэт забраў самыя чыстыя, самыя ранішнія дзіцячыя ўражанні: светлыя і самотныя. “Бальны, бесскрыдлаты паэт” быў уганараваны тагачаснікамі надзвычай узвышана: “госць з Высокага Неба”, “старажытны грэк у беларускай вопратцы”. Таму невыпадкова яго называюць “першым еўрапейцам у беларускай літаратуры”, а ягоную творчасць – “акном у Еўропу”.
Сапраўды, несмяротная душа М.Багдановіча – у яго несмяротнай паэзіі; яго вабны, таемна-загадкавы дух – у гэтым святым Храме, Доме-Беражніцы Максімавага, беларускага – Музеі Максіма Багдановіча. Ушанаваць Вялікага Паэта і 30-годдзе Дома-Музея Максіма Багдановіча удзелам у імпрэзе “ПЯСНЯР СУГУЧНАСЦІ” парупіліся 25 мая выкладчыкі кафедры беларускай літаратуры (А.В.Руцкая, А.Э.Сабуць, С.М.Тарасава), а таксама кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства (С.Г.Ляскевіч, В.В.Маршэўская, А.С.Садоўская, І.М.Хлусевіч, Н.Э.Шандроха). Пра супрацоўніцтва музея са згаданымі кафедрамі, а таксама пра місію знакамітага “песняра чыстай красы” М.Багдановіча ўзяла слова загадчык кафедры беларускай літаратуры Аліна Эдмундаўна Сабуць. Аздобілі паэтычна-музычную імпрэзу выкананнем песень на словы класіка беларускай літаратуры і дэкламацыяй вершаў паэта і пасланняў паэту студэнты 2-га і 3-га курсаў спец. “Беларуская філалогія” Альжбета і Дзмітрый Даўгаполікі, Вікторыя Смолка, Аліна Паўлоўская.
Максім Багдановіч – з намі: свой у сваім Доме, свой у разуменні кожнага з нас, свой, з дзявочай журбінкай ва ўяўленнях нашых студэнтак-філалагінь. Бо глыбока-філасофскае, інтымна-спавядальнае Багдановічава “Я хацеў бы спаткацца з Вамі…” – гэта і ёсць зварот-пасланне да кожнага, хто шукае КРАСУ І СВЕТЛАСЦЬ.
А.Э. Сабуць, к.ф.н., загадчык кафедры беларускай літаратуры