Эстэтыка слова: на філалагічным факультэце прайшла сустрэча з прафесарам Валерыем Аляксандравічам Максімовічам
На філалагічным факультэце адбылася знакавая сустрэча-дыскусія студэнтаў з вядомым беларускім навукоўцам, доктарам філалагічных навук, прафесарам, загадчыкам аддзела філасофіі літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі НАН Беларусі Валерыем Аляксандравічам Максімовічам. У якасці старшыні ў гэты ж дзень ён таксама прыняў удзел у дзяржаўнай атэстацыі аспірантаў філалагічнага факультэта.
Валерый Аляксандравіч – чалавек усебакова таленавіты. Гэта буйны навуковец, аўтар больш як 300 навуковых прац, які выгадаваў цэлыя пакаленні студэнтаў у БДУ і Акадэміі мастацтваў. Але разам з тым ён адметны літаратурны крытык і таленавіты паэт. Многія з яго вершаў пакладзены на музыку, а песні на яго словы гучалі і гучаць нават у выкананні знакамітага ансамбля «Песняры».
Мерапрыемства прайшло пад сімвалічнай назвай “Эстэтыка слова: філасофія, літаратура, жыццё” і было накіравана на павышэнне ўзроўню сацыякультурнай і гуманітарнай падрыхтоўкі будучых філолагаў, а таксама на папулярызацыю айчыннай акадэмічнай спадчыны.
Падчас жывога дыялогу студэнты мелі магчымасць абмеркаваць з госцем глыбокія сувязі паміж літаратурнай творчасцю, філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці і сучасным жыццём. Валерый Аляксандравіч падзяліўся багатым навуковым вопытам, акцэнтаваў увагу на каштоўнасці роднага слова і важнасці захавання інтэлектуальных традыцый Беларусі.
Фармат сустрэчы-дыскусіі дазволіў студэнтам не толькі паслухаць аўтарытэтнага эксперта, але і задаць хвалюючыя пытанні, выказаць уласныя думкі наконт ролі гуманітарных ведаў у сучасным свеце. Сустрэча пакінула глыбокі след у сэрцах удзельнікаў і натхніла маладых даследчыкаў на далейшае вывучэнне нацыянальнай спадчыны.








