Міжнароднаму дню роднай мовы прысвячаецца
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў многіх установах нашай краіны прайшлі адмысловыя акцыі, творчыя сустрэчы, паэтычныя чытанні, прымеркаваныя да гэтага свята, адзначаць якое стала прыемнай традыцыяй.
Кранае тое, што ў баку ад святкавання Міжнароднага дня роднай мовы не засталіся і нашы дашкольныя ўстановы, дзе ў дзетак закладваецца першаснае асэнсаванае ўяўленне пра нацыянальную культуру, традыцыі пад кіраўніцтвам вопытных і прафесійных выхавацеляў.
19 лютага 2026 года адбылася сустрэча калектыва выхавацеляў дзіцячага садка №63 г.Гродна з дацэнтам кафедры беларускай філалогіі, членам СП Беларусі Святланай Мікалаеўнай Тарасавай у межах літаратурнага мерапыемства “Беларуская мова – мелодыя сэрца”, прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы.
Найперш варта адзначыць, што ў дашкольнай навучальнай установе існуе сталая традыцыя выхавання маленькіх беларусаў у павазе да сваёй роднай культуры і мовы. У памяшканнях дзіцячага садка зладжаны пастаянныя экспазіцыі з народнымі лялькамі, прадметамі быту. Для малых дзетак падрыхтавана невялікая выстава з кніг беларускіх аўтараў, разлічаных на узрост самых юных чытальнікаў.
У такой утульнай атмасферы прайшла згаданая вышэй творчая сустрэча. С.М.Тарасава паведаміла прысутным некаторыя цікавыя звесткі з гісторыі беларускай мовы, распавяла пра яе лексічны склад, дыялектную адметнасць мовы Гродзеншчыны. У размове былі згаданы і лепшыя традыцыі нашага ўніверсітэта, кафедры беларускай філалогіі па святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. Завяршэннем сустрэчы стала паэтычная хвілінка, падчас якой для прысутных прагучала віншаванне не толькі з днём роднай мовы, але з надыходзячым жаночым вясеннім святам.
Атмасфера сустрэчы была прыязнай, жывой, творчай, што пераканала ў яе плённасці для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства.








