Купалаўскія чытанні-25
26 лістапада на філалагічным факультэце адбылася ХV, юбілейная, навукова-практычная канферэнцыя «Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні». Па традыцыі кафедра беларускай філалогіі арганізавала сустрэчу з навуковай супольнасцю і студэнцкай моладдзю, якіх аб’яднала Слова Купалы.
З прывітальным словам да аўдыторыі звярнуўся прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай працы Васіль Васільевіч Сянько, які з гонарам адзначыў, што «канферэнцыя стала брэндам нашага ўніверсітэта», а таксама выказаў упэўненасць, што Купалаўскія чытанні «будуць жыць да той пары, пакуль жывы Купалаўскі ўніверсітэт».
Да слоў Васіля Васільевіча далучыўся начальнік навукова-даследчай часткі ўніверсітэта Антон Анатольевіч Глазеў. Ён нагадаў, што «канферэнцыя – гэта месца, дзе не толькі абменьваюцца навуковым вопытам, абмяркоўваюць новыя ідэі, але і з вялікай прыемнасцю потым успамінаюць час, праведзены ў такой творчай атмасферы». Антон Анатольевіч падкрэсліў, што Купалаўская канферэнцыя забяспечвае пераемнасць пакаленняў у філалагічнай навуцы нашай альма-матар, пра што таксама сведчыць вялікая колькасць студэнцкай моладзі, прысутнай сёння ў зале.
Усіх удзельнікаў канферэнцыі прывітала і дэкан філалагічнага факультэта Святлана Віктараўна Ганчар, якая цёплымі словамі натхніла ўсіх удзельнікаў канферэнцыі «яшчэ раз прыхінуцца да крыніцы мудрасці нашага песняра».
Гісторыю Купалаўскіх чытанняў згадала загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Станіславаўна Садоўская. Аўдыторыя з павагай успомніла імёны тых, хто стаяў ля вытокаў Купалаўскіх чытанняў. Сярод іх Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, Ксенафонт Іванавіч Лецка, Сяргей Уладзіміравіч Клеманскі, Уладзімір Іванавіч Каяла, Анатоль Анатольевіч Раманчук, Дзмітрый Мікалаевіч Лебядзевіч, Ігар Васільевіч Жук.
Ганаровыя госці з Мінска далучыліся да ўдзелу ў чытаннях. Так, пажадалі поспехаў і плёну ў працы канферэнцыі Іван Васільевіч Саверчанка (доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»); Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч (старшыня ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», дырэктар УП «Выдавецтва « Беларусь»); Людміла Антонаўна Кебіч (старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»).
У навуковай канферэнцыі прыняў удзел Валерый Аляксандравіч Максімовіч, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык Цэнтра філасофіі літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кафедра беларускай філалогіі ўжо шмат гадоў падтрымлівае цесныя сувязі з Валерыем Аляксандравічам, які з’яўляецца не толькі вядомым літаратурным крытыкам, але і таленавітым паэтам. Ён сам піша вершы, і многія з іх пакладзены на музыку. Таму аўдыторыі пасля грунтоўнага навуковага даклада былі прадстаўлены навінкі з паэтычнай творчасці прафесара.
Кола пытанняў, якія абмяркоўваліся на пленарным і секцыйных пасяджэннях канферэнцыі, яшчэ раз пацвердзіла, што словы Купалы, яго думкі актуальныя і сёння, а ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта выхоўваюцца годныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія кіруюцца запаветамі нашага Песняра.







