default_mobilelogo















Прэзентацыя зборніка “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны” з нагоды юбілею прафесара М.А. Даніловіча
4 лістапада 2025 года  кафедра беларускай філалогіі арганізавала прэзентацыю чарговага зборніка навуковых прац “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны”. На сёння гэта брэндавы праект не адной кафедры, а ўсяго філалагічнага факультэта, бо супрацоўнікі ўсіх кафедр далучаюцца да рэалізацыі задум гэтага праекта.
Сёлетняе 14-е выданне выданне зборніка своеасаблівае. Яно прысвечана 70-гадоваму юбілею прафесара, доктара філалагічных навук Мікалая Аляксандравіча Даніловіча. У свой час знакаміты навуковец стаяў ля вытокаў стварэння гэтага ўнікальнага выдання, з’яўляецца яго заснавальнікам. Таму ўвесь калектыў філалагічнага факультэта сабраўся разам, каб павіншаваць юбіляра, выказаць яму словы падзякі за ўсё тое, што ён рабіў і робіць для развіцця беларускай навукі і для выдання гэтага зборніка.
Навуковая бібліятэка ўніверсітэта арганізавала цудоўную выставу прац прафесара, а дырэктар М.У. Грынько падрабязна спыніўся і ахарактарызаваў навуковую вартасць, унікальнасць і арыгінальнасць  асноўных выданняў навукоўца. Да віншаванняў далучыліся дэкан філалагічнага факультэта Ганчар С.В., былыя аспіранты прафесара,  сённяшнія студэнты спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, прадстаўнікі прафсаюзнага камітэта ўніверсітэта, выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі, супрацоўнікі іншых кафедр, а таксама былыя калегі, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але прыйшлі на гэтую сустрэчу, каб разам узгадаць сумесныя моманты працы ва ўніверсітэце. У мерапрыемстве прынялі ўдзел і вучні СШ №32 г. Гродна, якая з’яўляецца філіялам кафедры беларускай філалогіі.
У заключным слове М.А. Даніловіч падкрэсліў, што выданне зборніка  навуковых прац “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны” з’яўляецца важным фактарам у захаванні культурнай спадчыны нашага рэгіёна і выказаў надзею, што і надалей філалагічны факультэт будзе працягваць гэтую справу.