default_mobilelogo















21 лютага студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта ўрачыста адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы.  З самага ранку ў карпусах універсітэта пануе ўрачыстая, лірычная і святочная атмасфера. Першымі яе стварылі студэнты і выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі, якія віталі з самага пачатку працоўнага дня ўсіх супрацоўнікаў, гасцей і студэнтаў роднай альма-матар. Віталі вершамі, песнямі, словамі на роднай мове і салодкім пачастункам.
 А ў 11.40 купалаўцы далучыліся да агульнаўніверсітэцкай Купалаўскай дыктоўкі, якая праводзілася ва ўсіх вучэбных карпусах. Знамянальна і прыемна, што ў гэтым годзе ініцыятыву чытаць дыктоўку ўзяла на сябе рэктар ўніверсітэта, доктар гістарычных навук Кітурка Ірына Фёдараўна. Уся купалаўская сям’я – а гэта прарэктары, загадчыкі аддзелаў, супрацоўнікі бухгалтэрыі і іншых структурных падраздзяленняў –  смакавалі роднае беларускай слова. Падтрымалі беларусаў і суайчыннікі, якія пражываюць за межамі краіны, – а гэта дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Расіі, Узбекістане, Туркменістане і іншых краінах, замежныя ўніверсітэты і грамадскія арганізацыі.
Святочны настрой падарылі студэнты-філолагі свайму роднаму ўніверсітэту і факультэту, наладзіўшы канцэрт у корпусе па вуліцы Леніна, 32. Гучалі беларускія песні, вершы, радавалі вока народныя танцы. Супрацоўнікі дэканата і кафедраў, увесь выкладчыцкі склад прыхільна віталі самадзейнасць студэнтаў, аптымізм і запал якіх стварылі цудоўны настрой на ўвесь дзень.