Феномен літаратурнага перакладу
23 снежня 2024 года у межах тэматычных заняткаў па дысцыпліне «Беларуская літаратура ў сусветным кантэксце» у офісе Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі адбылася сустрэча пісьменнікаў-перакладчыкаў Людмілы Кебіч і Дзмітрыя Радзівончыка са студэнтамі 1 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У сустрэчы ўзяла ўдзел і дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, літаратуразнаўца, літаратурны крытык Аліна Сабуць.
Падчас творчага дыялогу-дыскусіі на тэму «"Пераклад як працэс творчы і навуковы. Праблемы "практыкаў" і "тэарэтыкаў"» студэнты-першакурснікі даведаліся не толькі пра асаблівасці перакладчыцкай справы як адмысловай і адказнай, але і мелі цудоўную магчымасць пазнаёміцца з выданнямі ўзаемаперакладаў на розныя мовы ў межах міжнародных літаратурных праектаў з удзелам пісьменнікаў Гродзеншчыны, што вызначае прадуктыўнае ўзаемадзеянне праз пераклад Гродзенскай пісьменніцкай арганізацыі з культурнай супольнасцю іншых краін.
Прыгожым знакам для далейшага творчага дыялогу гродзенскіх пісьменнікаў са студэнтамі-купалаўцамі сталі падараваныя з рук старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Л. А. Кебіч паэтычныя зборнікі вершаў і перакладаў на беларускую, калмыцкую і рускую мовы «Сапраўдныя гэта сябры» (издательство «Берега дружбы», с. Покровское, 2022, Ростовская область).