ПЛЁННАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА З РЭСПУБЛІКАНСКІМ ЧАСОПІСАМ
18 снежня 2024 г. па запрашэнні рэдакцыі навукова-метадычнага часопіса «Роднае слова» рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”» дацэнт кафедры беларускай філалогіі, кандыдат педагагічных навук Шандроха Нона Эдмундаўна выступіла ў пленарнай частцы прэзентацыйнага форума «“Сумоўя аснова – жывое слова…”: традыцыі і патэнцыял прафесійнага камунікавання ў фармаце навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”» з навуковым дакладам «Метадычны аналіз школьнага ўрока беларускай мовы ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу і “Методыкі роднай мовы” Якуба Коласа: рытарычны аспект». Настаўніцкай аўдыторыі была актуалізавана надзённасць першага ў галіне айчыннай методыкі беларускай мовы даследавання Якуба Коласа (К.М. Міцкевіча) «Методыка роднай мовы» (1930г.), паказана суаднесенасць выказаных яшчэ ў мінулым стагоддзі Коласам-метадыстам ідэй з сучаснымі ідэямі кампетэнтнаснага падыходу ў школьным моўным навучанні, а таксама дадзены метадычныя парады па эфектыўнасці правядзення і аналізе школьнага ўрока беларускай мовы.
Мерапрыемства, прымеркаванае да Года якасці, было праведзена на базе Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа па ўзгадненні з галоўным упраўленнем па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
Нона Шандроха,
дацэнт кафедры беларускай філалогіі
Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы