ЛІТАРАТУРНЫЯ ЎНІВЕРСІТЭТЫ
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЎНІВЕРСІТЭТЫ
Плённы творчы лёс філолага ў многім залежыць ад паспяховага літаратурнага вопыту. 9 снежня 2024 года дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, літаратуразнаўца Аліна Эдмундаўна Сабуць арганізавала лекцыйныя заняткі па дысцыпліне “Уводзіны ў літаратуразнаўства” для студэнтаў 1-га курса спец. “Беларуская філалогія” і “Рамана-германская філалогія” ў фармаце брыфінг-дыялогу з гродзенскімі пісьменнікамі па тэме “Разуменне літаратурнага працэсу. Літаратурныя сувязі”. Гэта чарговы практыка-арыентаваны тэматычны дыялог студэнтаў Купалаўскай аlma mater і гродзенскіх літаратараў у традыцыйным праекце пад назвай “Літаратурныя ўніверсітэты”. Дэлегацыю Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прадставілі старшыня ГрАА Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса, празаік, перакладчык Людміла Кебіч; паэт, бард Анатоль Апанасевіч; паэтэса, публіцыст, прафесійны журналіст Тамара Мазур; паэтэса Людміла Шаўчэнка.
Падчас лекцыйнага брыфінг-дыялогу гродзенскія творцы пазнаёмілі студэнтаў са структурай, літаратурна-грамадскай місіяй саюзнай пісьменніцкай арганізацыі, яе сайтам www.pisateli.by, друкаваным органам – альманахам “НА НЁМАНСКАЙ ХВАЛІ”, а таксама з актуальнымі запатрабаванымі выданнямі (“ПЕСНЯРАМ АЙЧЫНЫ” (2022), “ЛЕПШЫ ГОРАД ЗЯМЛІ” (2023) і інш.). Кожны з запрошаных гасцей шчыра падзяліўся сваім творчым вопытам, сакрэтамі мастацкага почырку. Студэнты з цікавасцю ўступілі ў творчую дыскусію, пераканаліся ў сутнасным адрозненні верша ад паэзіі, пачулі выкананне твораў на розную тэматыку і праблематыку, адчулі водар музыкі слова, мелодыі лірычнага радка. На развітанне літаратары запрасілі філолагаў да супрацоўніцтва з абласной пісьменніцкай арганізацыяй.
Такія творчыя дыялогавыя пляцоўкі надзвычай прадуктыўныя і для студэнтаў-купалаўцаў, каб адчуць подых сучаснага літаратурнага працэсу, і непасрэдна для пісьменнікаў, каб пачуць зацікаўленасць сучаснай моладзі.
Аліна Сабуць,
дацэнт кафедры беларускай філалогіі
Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя Янкі Купалы,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі