default_mobilelogo



Дзень роднай мовы ўрачыста адзначылі студэнты і выкладчыкі спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Галоўная мэта – каб гэтае свята адчулі ўсе супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта. Таму на пачатку працоўнага дня  ў фае галоўнага корпуса святочнымі песнямі, паштоўкамі і цукеркамі прывіталі ўсіх тых, хто ў гэты дзень ішоў на свае рабочыя месцы. Атмасфера свята працягвалася пазней каля бюста Янкі Купалы, дзе  была прадстаўлена святочная праграма – цудоўныя песні, танцы, віктарыны. Уся купалаўская сям’я акунулася ў незвычайную прыгажосць, меладычнасць, чароўнасць роднага слова. Затым пасмакаваць беларускае слова змаглі ўсе падчас напісання агульнаўніверсітэцкай Купалаўскай дыктоўкі, якая сёлета была прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай акцыі далучыліся ўсе факультэты ўніверсітэта, каледжы і шматлікія замежныя арганізацыі.
Дзень роднай мовы з цеплынёй адзначылі студэнты-філолагі і ў сваіх родных сценах. У перапынку паміж заняткамі ў  корпусе філалагічнага факультэта  гучалі беларускія песні, віншаванні, загадкі,  цудоўная атмасфера святочнасці яднала ўсіх тых, хто звязаў свой лёс  з яго вялікасцю – словам.