30 сакавіка 2016 г. на філалагічным факультэце адбылася чарговая для гэтага года імпрэза прафарыентацыйнага характару – Дзень адкрытых дзвярэй. Праграма мерапрыемства, якую факультэт прапанаваў будучым абітурыентам і вучням 9-х і 10-х класаў, была дастаткова насычанай. На пачатку імпрэзы школьнікаў прымалі прадстаўнікі розных спецыяльнасцей і факультэта ў сваіх кабінетах і аўдыторыях. Такім чынам, для будучых абітурыентаў былі прадугледжаны кансультацыі, майстар-класы, адмысловыя заняткі творчага характару, праз якія школьнікам падавалася інфармацыя пра розныя спецыяльнасці факультэта, уступныя іспыты, расказвалася пра будучае студэнцкае жыццё. У дадзеных мерапрыемствах прынялі ўдзел школьнікі г.Гродна і Гродзенскай вобласці. У асноўным гэта былі выпускнікі 2016 года, якіх зацікавлілі прапанаваныя спецыяльнасці факультэта. А 13.00 у актавай зале корпуса па вул. Леніна, 32 адбылася сустрэча з дэканам факультэта. Да гэтай гутаркі далучыліся акрамя школьнікаў-выпускнікоў навучэнцы 9 і 10-х класаў школ г.Гродна, а таксама навучэнцы Слонімскага ліцэя № 1. На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі з іншых абласцей рэспублікі. Дэкан, загадчыкі кафедраў, выкладчыкі прадставілі прэзентацыю факультэта, адказвалі на пытанні прысутных, праводзілі кансультацыі. Інфармацыя выказаная кіраўніцтвам факультэта была з цікавасцю сустрэта навучэнцамі сярэдніх адукацыйных устаноў.