default_mobilelogo



Міжнародны дзень роднай мовы ў Купалаўскім універсітэце
 21 лютага 2023 года па ўжо ўсталяванай традыцыі ў Гродзенскім ўніверсітэце урачыста адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Значную частку запланаваных мерапрыемстваў арганізавала і правяла кафедра беларускай філалогіі.
Ужо з самага ранку ў галоўным корпусе ўніверсітэта студэнты 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Навіцкая Вольга, Саўко Вераніка, Станкевіч Уладзіслаў разам з выкладчыкамі кафедры прывіталі і павіншавалі са святам супрацоўнікаў універсітэта, дэканаў, прарэктараў, уручылі ім маляўнічыя паштоўкі з паэтычнымі радкамі, прысвечанымі роднай мове. Удзельнікі імпрэзы чыталі паэтычныя радкі, дзяліліся віншаваннямі, з задавальненнем фатаграфаваліся разам са студэнтамі каля стэнда з партрэтам Янкі Купалы.
 Пазней, у вызначаны час усе выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі сталі  актыўнымі ўдзельнікамі традыцыйнай для ўніверсітэта Купалаўскай дыктоўкі. У вучэбныя корпусы па вуліцы Захарава, Дзяржынскага, БЛК, Кастрычніцкую і інш. былі дэлегаваны прадстаўнікі кафедры з місіяй далучыць да мерапрыемства прадстаўнікоў розных факультэтаў. Выкладчыкам і студэнтам быў прапанаваны для напісання ўрывак з кнігі беларускага пісьменніка  Янкі Сіпакова. У гэтым годзе дыктаваць тэкст пад назвай “Ліст да Радзімы” выпаў гонар лепшым студэнтам факультэта.
Самая прадстаўнічая група, якая прыняла ўдзел у Купалаўскай дыктоўцы, сабралася ў галоўным корпусе ўніверсітэта. Да тых, хто прысутнічаў у аўдыторыі, далучыліся аматары беларускага слова з розных куткоў свету.
Загадчык кафедры беларускай філалогіі Садоўская А.С., якая была задзейнічана ў арганізацыі імпрэзы, адзначыла ўрачыстасць, звыклую для такога моманту, актыўнасць удзельнікаў дыктоўкі як у аўдыторыі, так і тых, хто ўдзельнічаў у ёй дыстанцыйна.
Супрацоўнікі кафедры беларускай філалогіі змаглі данесці да студэнтаў, калег-выкладчыкаў красу і мастацкую непасрэднасць беларускага роднага слова.