Мы падхапілі тваю песню
10 лютага 2023 года ў абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага адбылася прэзентацыя кніг пераможцаў літаратурнага конкурсу імя Цёткі пад прыгожай знакавай назвай «Мы падхапілі тваю песню». Сярод пераможцаў у намінацыі «Літаратуразнаўства і крытыка» – дацэнт кафедры беларускай філалогіі Аліна Сабуць, якая прэзентавала сваю манаграфію «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стагоддзяў» (2022).
Кніга «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стагоддзяў» – своеасаблівае падсумаванне навукова-даследчай і літаратурна-крытычнай дзейнасці ў сферы класічнай і сучаснай беларускай, а таксама сусветнай літаратуры. Усе пяць раздзелаў кнігі – гэта пяць вымярэнняў уласнага аўтарскага бачання панарамнага літаратурнага працэсу ХХ-ХХІ стагоддзяў (класічнага дыскурсу, сучаснай паэзіі, прозы і публіцыстыкі, дзіцячай паэзіі, літаратурнай Гродзеншчыны, рэцэпцыі беларускай літаратуры ў свеце, мастацкага перакладу). Літаратурныя дыялогі – гэта не толькі дыялогі паміж літаратурамі, творчыя перазовы паміж пісьменнікамі («сустрэчы»), але і суразмоўныя дыялогі сённяшняга чытача з аўтарамі-творцамі, з героямі твораў. Кніга Аліны Сабуць адрасавана не толькі філолагам, але і шырокаму колу чытачоў-аматараў – тым, хто дапытліва шукае ў паўсядзённым і літаратурна-мастацкім жыцці «красу і светласць».
Некаторыя фрагменты з кнігі былі агучаны ў зале з дастойным філалагічным густам студэнтамі спец. «Беларуская філалогія» (Янкелайць Ангеліна, Навіцкая Вольга, Саўко Вераніка).
Падчас святочнай урачыстасці прагучалі прыемныя вітальныя віншаванні калег кафедры беларускай філалогіі, а таксама калег-пісьменнікаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з вершам-прысвячэннем Аліне Сабуць «Спасибо, маэстро!».