На мове, сэрцу зразумелай
“На мове, сэрцу зразумелай…” -
пад такой паэтычнай назвай на філалагічным факультэце 14 снежня 2022 года прайшоў Круглы стол, прысвечаны дзвюм знакавым падзеям кафедры беларускай філалогіі – прэзентацыі штогадовага навуковага зборніка “Філалагічнае краязнаўства” і 70-годдзю беларускага мовазнаўцы, колішняга дэкана факультэта, загадчыка кафедры беларускай мовы Тамашэвіча Тамаша Іосіфавіча (1952-2016).
Навуковы зборнік, аўтарамі матэрыялаў якога з’яўляюцца ў большай частцы калегі і вучні прызнанага навукоўцы, натуральна, прысвечаны гэтай вядомай і неардынарнай асобе.
У свой час Тамашэвіч Т.І. аддаў Гродзенскаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы больш за 30 гадоў сваёй працы. Тут ён праявіў сябе як вучоны, даследчык, як выключна таленавіты арганізатар і педагог. Тут завязалася моцнае сяброўства, прайшлі праверку яго ўласначалавечыя якасці.
Ушанаваць памяць калегі сабраліся супрацоўнікі кафедры беларускай філалогіі і іншыя выкладчыкі розных факультэтаў універсітэта, тыя, чые прафесійныя дарогі перасякаліся з Тамашэвічам Т.І. Прыемна, што аддаць даніну памяці вядомаму навукоцу прыйшлі госці, якіх сёння па праву можна называць ветэранамі факультэта – Данільчык З.П., былы дацэнт кафедры беларускай мовы, Руцкая А.В., былы дацэнт кафедры беларускай літаратуры, Даніловіч М.У., нядаўні прафесар кафедры беларускай філалогіі. Шаноўным госцем мерапрыемства стала Тамашэвіч Зоя Міхайлаўна, самы блізкі чалавек Тамаша Іосіфавіча, дацэнт Гродзенскага ўніверсітэта.
Прысутныя абмяняліся ўспамінамі пра Тамашэвіча Т.І., узгадалі яго заслугі. Так, дырэктар універсітэцкай навуковай бібліятэкі Грынько М.У. прадставіў прысутным выставу прац гродзенскага мовазнаўцы, пракаментаваў яго напрацоўкі ў галіне фразеалогіі, культуры маўлення, методыкі выкладання беларускай мовы, пазнаёміў з перакладчыцкай дзейнасцю вучонага.
Цёплымі ўспамінамі пра чалавека, сябра, настаўніка падзяліліся Якімчык М.С., даўні супрацоўнік кафедры беларускай мовы, Мардзечка С.С., намеснік дэкана па выхаваўчай працы, Крофта Г.У., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання педагагічнага факультэта, Ляскевіч С.Г., загадчык кафедры замежных моў філалагічнага факультэта.
Увазе прысутных быў прадстаўлены відэаролік, прысвечаны жыццёваму і навуковаму шляху Тамашэвіча Т.І. У выкананні студэнтаў 3-4 курсаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія” прагучалі песні і вершы ў гонар юбіляра.
Атмасфера мерапрыемства была выключна душэўнай, шчырай, кранала сваёй натуральнасцю ў выяўленні пачуцця павагі і пашаны былому калегу і Настаўніку.
А новае выданне навуковага зборніка “Філалагічнае краязнаўства”, мяркуецца, прывабіць увагу і чытачоў-аматараў беларускага слова, і вучоных-даследчыкаў, хто імкнецца працягнуць традыцыі, закладзеныя таленавітымі папярэднікамі.
Матэрыял падрыхтавалі: Тарасава С.М., ст.выкл.кафедры беларускай філалогіі, Шандроха Н.Э., дацэнт кафедры беларускай філалогіі.
,
,