default_mobilelogo


















ЯГО ВЯЛІКАСЦЬ ЛІТАРАТАР 
14 лістапада 2022 г. лекцыя дацэнта кафедры беларускай філалогіі А.Э. Сабуць па дысцыпліне «Уводзіны ў літаратуразнаўства» для студэнтаў 1 курса спец. «Рамана-германская філалогія», «Беларуская філалогія» адбылася ў фармаце брыфінг-дыялогу з гродзенскімі пісьменнікамі. На сустрэчу са студэнтамі-філолагамі былі запрошаны творцы рознага мастацкага мыслення, адрозных мастацкіх стыляў і жанрава-тэматычнага дыяпазону – члены абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Л.А. Кебіч, Дз.М. Радзівончык, А.У. Апанасевіч, К.М. Насута і Л.У. Шаўчэнка.
Тэматычны дыяпазон лекцыі «Разуменне літаратурнага працэсу. Літаратурныя сувязі і іх віды» ўзбагаціўся надзвычай аргументаванымі адказамі па пытаннях эстэтыкі літаратуры, паэтыкі і тэорыі літаратурнага працэсу. Асабліва каштоўнымі выглядалі дыскусійныя, а часам палемічныя развагі нашых калег адносна паняццяў «творчы дар», «пакуты творчасці», «грамадзянская пазіцыя», а таксама гармоніі зместу і формы ў творы, праблемы традыцый і наватарства, уплываў і пераймання, індывідуальнасці мастацкага почырку і інш.
Адметна і тое, што студэнты зацікаўлена задавалі праблемныя літаратуразнаўчыя пытанні пра будучыню сучаснай беларускай літаратуры, самарэалізацыю таленавітых маладых літаратараў ў сённяшнім свеце. Напрыканцы досыць насычанага дыялогу ад пісьменнікаў прагучалі арыгінальныя пажаданні студэнтам-пачаткоўцам у выбары аўтараў, праблем і герояў, а таксама запрашэнне да ўдзелу на пісьменніцкіх пляцоўках грамадскага дыскусійнага клуба «Словадром» і грамадскай літаратурнай школы (http://www.pisateli.by).
Запланаваныя сустрэчы такога фармату сапраўды пераконваюць у тым, што навука і мастацтва як з’явы адной культуры, хоць у многім і адрозныя, усё ж разам імкнуцца да пазнання і творчасці, асабліва актуальных для будучых маладых спецыялістаў.
 А.Э. Сабуць, дацэнт кафедры беларускай філалогіі