3 лістапада мы адзначым 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа. У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, а таксама ў сувязі са святкаваннем юбілею славутага беларускага песняра студэнты спецыяльнасці “Беларуская філалогія” разам з кандыдатамі філалагічных навук Ж.С. Сіплівеняй і М.А. Якалцэвіч пабывалі на экскурсіі на радзіме народнага паэта, якога па праву можна лічыць гонарам беларускай нацыі.
Будучыя настаўнікі атрымалі магчымасць наведаць мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць, увачавідкі пабачыць тыя краявіды, на ўлонні якіх прайшло дзяцінства Якуба Коласа і якія натхнялі паэта на лірычныя радкі: “Мой родны кут, як ты мне мілы!..”
Заключным этапам экскурсіі было наведванне Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску і Вайсковых могілкаў, дзе пахаваны беларускі паэт.
Падарожжа па мясцінах жыцця Якуба Коласа стане не толькі грунтоўным падмуркам у далейшай прафесійнай дзейнасці студэнтаў-філолагаў, але і паспрыяе іх далучэнню да гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю.