default_mobilelogo



“Шляхам яго жыцця”
30 чэрвеня – 1 ліпеня на філалагічным факультэце адбылося пасяджэнне круглага стала “Шляхам яго жыцця”, прысвечанага памяці доктара філалагічных навук, прафесара Ігара Васільевіча Жука (13.06.1957–30.06.2017). У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковай супольнасці з розных навучальных і навуковых устаноў краіны і замежжа. Арганізацыйную раду ўзначаліла дэкан філалагічнага факультэта Святлана Віктараўна Ганчар.
У сваім прывітальным слове С.В. Ганчар выказала ўпэўненасць, што першы круглы стол, прысвечаны яе знакамітаму папярэдніку, які ў свой час узначаліў новы факультэт беларускай філалогіі і культуры, – гэта толькі пачатак, і правядзенне падобных імпрэз стане традыцыйным ва ўніверсітэце. Звяртаючыся да гасцей, яна акцэнтавала выключную важнасць захавання і папулярызацыі набыткаў нашых гродзенскіх навукоўцаў, падкрэсліла актуальнасць тэм заяўленых дакладаў, звязаных з належнай ацэнкай літаратуразнаўчых даследаванняў Ігара Жука ў беларускай навуцы, роўнавялікіх пошукам і знаходкам у еўрапейскім літаратуразнаўстве.
Мадэрацыю імпрэзы ажыццявіла былая аспірантка прафесара, а зараз – выкладчык універсітэта, кандыдат філалагічных навук Надзея Паўлаўна Чукічова:
– “Імя” круглага стала не выпадковае. Паэтыка матыва шляху і тэма беларускага шляху былі прадметам пільнай зацікаўленасці Ігара Васільевіча на працягу многіх гадоў. І найперш – у лірыцы Янкі Купалы, асабліва ў адным з найлепшых яго паэтычных зборнікаў “Шляхам жыцця”. Паэзія блуднай сцежкі, крыжовай пуціны, роўнай дарогі, старога гасцінца, млечнага шляху ўвайшла і ў лёс песняра. І – сімвалічна – з’явілася таксама ў зямным шляху Ігара Васільевіча.
Падчас працы круглага стала прагучалі даклады пра інтэлектуальнае літаратуразнаўства і эўрыстычны патэнцыял навуковых даследаванняў Ігара Жука,  пра майстэрства ракурсаў і пазнакі мадальнасці ў яго працах, пра паняцці “рытм” і “метр”, “колан” і “сінтагма” ў рэтраспектыве і новае прачытанне класікі, пра польскую літаратуру як аб’ект яго ўвагі, пра Ігара Жука як аўтара аднаго часопіса і інш. Упершыню была скіравана ўвага на Ігара Жука як эсэіста, а таксама падрабязна прэзентавана ўніверсітэцкая экспазіцыя “Янка Купала”, створаная некалі з непасрэдным удзелам прафесара.
Пасля выступленняў удзельнікі круглага стала наведалі магілу Ігара Васільевіча на Гожскіх могілках, памаліліся за спачын ягонай душы, зрабілі некалькі фотаздымкаў на памяць пра цёплую сустрэчу. Імпрэза скончылася сяброўскай вячэрай.