default_mobilelogo



Мой Янка Купала
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце працягваюцца юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Адно з іх было ініцыявана кафедрай беларускай філалогіі. Гэта конкурс літаратурных эсэ “Мой Янка Купала”. Студэнты розных факультэтаў ахвотна адгукнуліся  на прапанову і напісалі цудоўныя радкі, прысвечаныя нацыянальнаму класіку. Вельмі важна, што маладыя купалаўцы не толькі глыбока ведаюць асобу беларускага песняра і яго творы, але і вельмі ганарацца тым, што вучацца ў такім прэстыжным універсітэце, які носіць імя Янкі Купалы і мае ўнікальную гісторыю. Таму ў сваіх эсэ шчыра сцвярджаюць, што “Купала жыве сярод нас, у нашых думках і сэрцах, і будзе жыць, пакуль пра яго памятаюць беларусы, а асабліва мы – купалаўцы!” Студэнты ўпэўнены ў тым, што “не адно пакаленне выгадуецца на Купалавых словах”, бо “час не мае над імі ўлады”.
Удзельнікі конкурса, які праводзіўся на працягу месяца,  1 чэрвеня мая сабраліся каля помніка Янку Купалу на другім паверсе галоўнага корпуса, дзе прарэктар па выхаваўчай працы Васіль Васільевіч Сянько ўручыў дыпломы пераможцам, сярод якіх аказаліся студэнты розных спецыяльнасцей –  матэматыкі, юрысты, псіхолагі, філолагі і інш. Васіль Васільевіч адзначыў, што смакаваць творы песняра павінен кожны студэнт, бо праз іх мы дакранаемся да роднай мовы, такой цудоўнай, мілагучнай і пявучай. 
“Мой Янка Купала” – гэта шчырая размова Купалы  праз стагоддзе з юнымі купалаўцамі, да якіх творца звяртаўся так паэтычна і ганарова: “Мілая моладзь, слаўная моладзь нашай бязмежнай краіны!”