default_mobilelogo



Супрацоўніцтва Канвелішскай школы і кафедры беларускай філалогіі
11 мая кафедра беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы гасцінна сустрэла настаўнікаў і вучняў  Канвелішскай яслі-сад – сярэдняй школы.  Трэба сказаць, што нашы калектывы звязвае цеснае супрацоўніцтва ўжо не адзін дзясятак год. Студэнты спецыяльнасці “Беларуская філалогія” штогадова праходзяць фальклорную практыку на базе Канвелішскай школы, якая дае цудоўную магчымасць не толькі пазнаёміцца з вуснай народнай творчасцю Воранаўшчыны, але і завязаць цесную сувязь найперш з вучнямі школ гэтага рэгіёна. Бо менавіта яны папаўняюць рады купалаўцаў і становяцца нашымі студэнтамі.
У рамках запланаванай сустрэчы адбылося ўзнагароджванне вучняў Канвелішскай школы дыпломамі, якія яны атрымалі за перамогу ў алімпіядзе сярод школьнікаў па беларускай мове і літаратуры. Члены кафедры беларускай філалогіі з задавальненнем адказалі на ўсе пытанні, звязаныя з паступленнем на факультэт, здачай тэстаў і ўнутранага экзамена па беларускай літаратуры. Акрамя гэтага, вучні атрымалі цудоўную магчымасць наведаць музей ГрДУ, пазнаёміцца з яго ўнікальнай гісторыяй і традыцыямі. З задавальненнем вучні пабывалі ў студэнцкіх аўдыторыях і адчулі сябе ў ролі студэнтаў. Дацэнты кафедры Казлоўскі Р.К. і Сабуць А.Э арганізавалі  для сваіх гасцей таксама сустрэчу з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў Гродзеншчыны, разам з якімі былі абмеркаваны планы па далейшым супрацоўніцтве.
Спадзяёмся, што сустрэча дасць плённыя вынікі і неўзабаве сённяшнія госці стануць студэнтамі спецыяльнасці “Беларуская філалогія” нашай Купалаўскай альма-матар.