default_mobilelogo



ПАД СВЕТЛЫМ ІМЕНЕМ КУПАЛЫ 
 
21 сакавіка 2022 года ў Сусветны дзень паэзіі кафедра беларускай філалогіі наладзіла літаратурна-музычную імпрэзу “ЧЫТАЕМ КУПАЛУ РАЗАМ”. Гэта чарговае мерапрыемства, якое прыбліжае святочную дату слаўнага юбілейнага 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы – нацыянальнага песняра беларускай зямлі, народнага паэта Беларусі, класіка беларускай літаратуры, чыё імя пачэсна носіць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт.
Традыцыйна юбілейнае спатканне пачалося з выканання Купалавай “Малітвы”, якую падарыў усёй зале выкладчык гуманітарнага каледжа Іван Вайтовіч.
На самым пачатку ўрачыстасці прысутных прывітала рэктар ГрДУ  І.Ф. Кітурка, якая павіншавала ўсіх з Сусветным днём паэзіі, адзначыла хараство вясны і кахання ў Купалавай творчасці і падмацавала гэта радкамі верша “Явар і каліна”.
Прарэктар па выхаваўчай працы В.В. Сянько павіншаваў калег-купалаўцаў і студэнтаў з юбілейнай урачыстасцю, звярнуўся асабліва да моладзі і адрасаваў ім любімыя паэтычныя радкі Купалы.
Годна прагучала Купалава слова з вуснаў дэкана філалагічнага факультэта С.В. Ганчар, якая падкрэсліла знакавасць юбілейнай акцыі, бо купалаўскія радкі найбольш яднаюць усю нашу  ўніверсітэцкую супольнасць.
Купалаўцаў шчыра прывіталі аўтарытэтныя філолагі-навукоўцы, калегі-выкладчыкі з Мінска і Гомеля: дырэктар Інстытута літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка і доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вольга Аляксееўна Ляшчынская.
Загадчык кафедры беларускай філалогіі А.С. Садоўская і дацэнты кафедры Р.К. Казлоўскі і А.Э. Сабуць акцэнтавалі ўвагу на велічнай місіі Купалы-прарока , ягоных запаветах “людзьмі звацца”, захаваць народную спадчыну “ад прадзедаў спакон вякоў” як бясцэнны скарб.
Урачыстую святочную імпрэзу упрыгожылі і студэнты-купалаўцы ваеннага, педагагічнага, юрыдычнага, інжынерна-будаўнічага факультэтаў і факультэта фізічнай культуры, якія надзвычай пранікнёна і шчыра прачыталі вершаваныя Купалавы радкі. Паэтычныя радкі з вядомай Купалавай “Спадчыны” прагучалі з вуснаў замежных студэнтаў-купалаўцаў.
Надзвычай красамоўна было падкрэслена чароўнае хараство Купалавага слова праз паказ відэароліка з вершамі ў выкананні супрацоўнікаў купалаўскай універсітэцкай сям’і.
Аздобілі святочную імпрэзу і песні: у гонар Купалы-песняра сваімі музычнымі падарункамі падзяліліся студэнтка 3 курса спец. “Беларуская  філалогія” Ляйко Аляксандра (песня “Беларусь”) і студэнты факультэта мастацтваў і дызайну Паліна Самуйловіч і Яна Кучарава (песня “Куточак Беларусі”).
Знакавай падзеяй стала і тое, што прывіталі купалаўскую сям’ю ў Сусветны дзень паэзіі і прадстаўнікі літаратурнай Гродзеншчыны: старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч і калега-паэт Браніслаў Іосіфавіч Ермашкевіч. Душэўна пранікнёныя і духоўна глыбокія, самабытныя і неардынарныя, прагучалі вершы-прысвячэнні Купалу-творцу ад гродзенскага літаратурнага краю, багатага на таленты.
У перазоўным дыялогу са славутымі паэтамі загучалі і вершы-прысвячэнні маладых купалаўцаў: студэнтаў спец. “Беларуская філалогія”, “Сучасныя замежныя мовы”, “Журналістыка”, “Камп’ютарная бяспека”, “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” і інш.
Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства цудоўнымі паэтычнымі радкамі з вуснаў юных купалаўцаў – годных пераемнікаў Купалавых запаветаў. Бо наша Купалаўская  ALMA MATER – беражніца дум паэта-прарока Янкі Купалы, ягонага запавету зберагчы “старонку родную”.

 
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6-1