default_mobilelogo




У ДОБРЫ ШЛЯХ, ШКОЛА БЕЛАРУСКАГА ФІЛОЛАГА!
 
4 снежня ў чарговы раз пачала працу Школа беларускага філолага пры кафедры беларускай філалогіі. Сёлета сустрэча з будучымі абітурыентамі-філолагамі арганізавана праз інтэрактыўную платформу Zoom. Загадчык кафедры А.С. Садоўская, кіраўнік Школы беларускага філолага Н.Э. Шандроха і выкладчыкі Р.К. Казлоўскі, А.Э. Сабуць пазнаёмілі вучняў са спецыяльнасцю “Беларуская філалогія”, арганізацыяй навучання і планам работы ШБФ. Тэрмін навучання – з 4 снежня 2021 года па 28 мая 2022 года. Заняткі будуць праходзіць бясплатна два разы на месяц па суботах з 10.00 да 13.00. У канцы навучальнага года вучням пры ўмове рэгулярнага наведвання імі заняткаў выдаецца сертыфікат аб заканчэнні Школы беларускага філолага. Дата, час, форма правядзення заняткаў (інтэрактыўная платформа Zoom), прозвішча выкладчыка будуць загадзя паведамляцца праз створаную ў Viber групу “ШБФ-2021 (ГрДУ імя Янкі Купалы)”. Школа стартавала ў колькасці 24 вучняў са школ г. Гродна і Гродзенскай вобласці.
План работы Школы беларускага філолага ўключае заняткі па моўнай і літаратурнай падрыхтоўцы будучых студэнтаў філалагічнага факультэта. Вучні атрымаюць адказы на пытанні па тэстах цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове як профільным прадмеце ў адпаведнасці са спецыяльнасцю, метадычныя парады па падрыхтоўцы да ЦТ, а таксама ўдасканаляць свае веды па беларускай літаратуры як вусным экзамене па спецыяльнасці. На занятках прадугледжана правядзенне камунікатыўна-маўленчых трэнінгаў, дзелавых гульняў, дыскусій і іншых форм працы з будучымі абітурыентамі, што дасць ім магчымасць больш спрабаваць, праяўляць творчасць і крэатыўнасць. У гэты ж дзень у адпаведнасці з планам работы ШБФ дацэнтам кафедры Н.Э. Шандроха былі праведзены першыя тэматычныя заняткі.
Плённы пачатак працы кафедры абнадзейвае, што падчас навучання ў Школе беларускага філолага вучні выпускных класаў сярэдніх агульнаадукацыйных школ, ліцэяў і гімназій змогуць удасканаліць маўленчую і літаратурную падрыхтоўку, каб ажыццявіць свае мары і стаць студэнтамі нашага Купалаўскага ўніверсітэта.
У добры шлях, будучыя філолагі-купалаўцы!
 
Шандроха Н.Э., кіраўнік Школы беларускага філолага