default_mobilelogo


















ДЗЕНЬ ФІЛОЛАГА АДЗНАЧЫЛІ ПА-КУПАЛАЎСКУ 
Святкаванне 25 мая Дня філолага атрымалася надзвычай урачыстым для кафедры беларускай філалогіі: на сустрэчу са студэнтамі быў запрошаны Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч – былы прафесар кафедры турызму і культурнай спадчыны Купалаўскай Alma mater, якой пашанліва прысвяціў вядомы навукоўца, асветнік-педагог усе 60 гадоў творчага і жыццёвага лёсу.
А.М. Пяткевіч – найперш Асоба і Творца, шчыры руплівец на ніве беларушчыны, падзвіжнік краязнаўчага руху, захавальнік культурнай спадчыны Гродзеншчыны. Гэта ён паказаў не аднаму пакаленню, што Гарадзенскі край – самабытны і непаўторны на мясціны, людзей, кнігі, з’явы; папулярызаваў літаратурную Гродзеншчыну як пачатак радзімазнаўства, беларусазнаўства. Дзе, зразумела, не ведаючы свайго, краязнаўчага, нельга спазнаць іншага, сусветнага, пра што сведчаць шматлікія кнігі, выданні А.М.Пяткевіча («Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі» (1996), «Людзі культуры з Гродзеншчыны: Даведнік» (2000), «Маршруты кніжнага слова: з гісторыі кнігі, друку на Гродзеншчыне» (2002) «Слова і кніга Прынёмання» (2016), «Аўтографы – разам» (2018), складальнік штогадовых «Беларускіх настольных перакідных краязнаўчых календароў (на матэрыяле Гродзеншчыны)», «Водгулле з маёй дарогі. Успаміны» (2021) і інш.).
Безумоўна, А.М. Пяткевіча ведаюць усе гродзенцы без выключэнняў. Ён вядомы як выкладчык, прафесар кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ імя Янкі Купалы, як літаратуразнавец, культуролаг, краязнавец, як старшыня Гродзенскай гарадской рады Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, як сябра Міжнароднага камітэта беларусістаў, сябра Міжнароднага Купалаўскага фонду.
Прадставіла студэнцкай аўдыторыі А.М. Пяткевіча, чалавека-легенду, загадчык кафедры беларускай філалогіі А.С. Садоўская, а таксама дацэнт кафедры А.Э. Сабуць распавяла пра філігранны стыль пісьма вядомага літаратуразнаўцы і культуролага, ягонае артыстычнае валоданне словам, гарызонтнасць мыслення, салідны ўнёсак у краязнаўства Гродзеншчыны. Аздобіла свята і дасканала падрыхтаваная прэзентацыя жыццёвых, творчых пуцявін, кніжных выданняў вядомага навукоўца, падрыхтаваная дацэнтамі кафедры І.М. Хлусевіч і Н.Э. Шандроха.
Напрыканцы такой цёплай, змястоўнай вітальнай сустрэчы, дзе А.М. Пяткевіч дзяліўся арыгінальнымі думкамі пра літаратуру, яе сённяшні і заўтрашні дзень, кранальна прагучаў запавет студэнтам спец. “Беларуская філалогія” адбыцца сапраўднымі філолагамі, любіць і зберагчы Слова як святыню, як жыццё. 
А.Э.Сабуць, к.ф.н., дацэнт кафедры беларускай філалогіі