default_mobilelogo
Сустрэча з абітурыентамі: Дзень адкрытых дзвярэй -2021
           10 красавіка філалагічны факультэт гасцінна расчыніў дзверы для школьнікаў з вучэбных устаноў г. Гродна і раёнаў Гродзенскай вобласці, выпускнікоў 2021 года і проста тых, каго цікавіць вывучэнне  роднай і замежных моў.
         Студэнты і выкладчыкі сустрэлі навучэнцаў ў вучэбным корпусе па вул. Ажэшка. На пачатку сустрэчы ў аўд. 226 школьнікаў прывітала намеснік дэкана Ясюкевіч А.М., якая зычліва пажадала прысутным школьнікам паспяховага заканчэння навучальнага года, выпускнікам – здзяйснення ўсіх іх планаў і ўпэўненага выбару будучай прафесіі. Размову працягнула Тарасава С.М., якая расказала пра асноўныя спецыяльнасці факультэта, магчымыя конкурсы пры паступленні, пра вучэбны працэс на факультэце і магчымае будучае працаўладкаванне. Прыемна адзначыць, што на сустрэчу з кіраўніцтвам факультэта адгукнуліся больш за  100 школьнікаў, таксама выказалі цікавасць да філалагічных спецыяльнасцей бацькі і настаўнікі-прадметнікі школ г.Гродна.
         Кожная з выпускаючых кафедраў падрыхтавала для школьнікаў багатую праграму, якая ўключала  гутаркі пра спецыяльнасці факультэта, кансультацыі  выкладчыкаў, прэзентацыі, інтэрактыўныя гульні, выступленні студэнтаў.  Прысутныя на сустрэчы загадчыкі кафедраў Аўтуховіч Т.Я., Караткевіч Ж.А., Садоўская А.С., Уласюк Н.І. уважліва аднесліся да  клопату будучых абітурыентаў, таму размова прайшла ў зычлівай і прыязнай атмасферы. Перад школьнікамі творча праявілі сябе студэнты факультэта, якія непасрэдна і  займальна расказалі пра вучобу, правядзенне вольнага часу, пра навуковыя дасягненні. Студэнтка 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Маргарыта Сецько распавяла пра магчымасці творчай самарэалізацыі, падказала, якія падзеі ў жыцці факультэта дапамогуць будучым студэнтам праявіць свае задаткі і здольнасці.
         Школьнікаў цікавілі пытанні, звязаныя з уступнымі іспытамі па спецыяльнасцях “Беларуская філалогія”, “Руская філалогія”, дзе абітурыенты здаюць вусны экзамен па літаратуры. Праявілася цікавасць школьнікаў да магчымасці працягнуць навучанне ў магістратуры і аспірантуры.
         Сустрэча з абітурыентамі яшчэ раз засведчыла, што ў асяродку моладзі не змяншаецца цікавасць да педагагічнай дзейнасці  і да вывучэння дысцыплін гуманітарнага цыкла.