Лекцыя студэнтам і выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэта
Лекцыя студэнтам і выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэта
Некалькі год таму назад паміж кафедрай беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта была заключана Дамова аб супрацоўніцтве. Праца ў межах гэтага супрацоўніцтва сапраўды аказалася паспяховай, плённай і карыснай для абодвух бакоў. За гэты час былі праведзены самыя разнастайныя мерапрыемствы, адбыўся акадэмічны абмен студэнтамі і выкладчыкамі, наладжаны трывалыя навуковыя і вучэбныя сувязі.
Але сённяшні час дыктуе новыя ўмовы супрацоўніцтва, новыя спосабы наладжвання кантактаў і абмену інфармацыяй. У сувязі з гэтым 30 сакавіка 2021 года праз інтэрактыўную пляцоўку Zoom была наладжана лекцыя студэнтам і выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэта, якую падрыхтавала і правяла Садоўская Алена Станіславаўна, загадчык кафедры беларускай філалогіі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Тэма лекцыі – “Вобраз чалавека ў беларускай літаратурнай і дыялектнай фразеалогіі”. Студэнты, якія вывучаюць беларускую мову ў Варшаве, з цікавасцю ўспрынялі прапанаваны матэрыял аб тэндэнцыях у вывучэнні пытанняў фразеалогіі. Шмат увагі ў лекцыі было звернута на тое, як у сценах філалагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта фарміравалася фразеалагічная школа пад кіраўніцтвам прафесара І.Я. Лепешава, аб тых распрацоўках у галіне фразеалогіі, якія былі здзейснены знакамітым даследчыкам і яго шматлікімі вучнямі.
Калегі і студэнты з Варшавы не толькі ўспрынялі з удзячнасцю лекцыйны матэрыял, але і цікавіліся сённяшнім станам развіцця фразеалогіі і новымі накірункамі ў даследаванні гэтай галіны лінгвістыкі. Варта адзначыць, што ў рамках далейшага супрацоўніцтва паміж кафедрай беларускай філалогіі ГрДУ і кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта запланаваны іншыя лекцыі па лінгвістычных і літаратуразнаўчых дысцыплінах.